Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАРА ІВАШКЕВІЧА НАВЕДАЛІ ПРАДСТАЎНІКІ БАЖ І ARTICLE 19


Алесь Горбач, Баранавічы

Сустрэча адбылася ў памяшканні выдавецкага дому “Інтэкс-прэс”, у якім Віктар Івашкевіч працуе кур’ерам. Паводле каардынатара эўрапейскіх праграмаў міжнароднай арганізацыі “Артыкул 19” Фэдэрыкі Прыты, упершыню гэтая аўтарытэтная ў Эўропе структура зьвярнулася да праблемаў беларускай рэгіянальнай незалежнай прэсы.

Госьці было цікава чуць пра узаемадачыненьні рэгіянальных газэтаў з дзяржаўнымі друкарнямі, пра праблемы атрыманьня інфармацыі і распаўсюду незалежных выданьняў. Адна з асноўных мэтаў сёньняшняга візыту, паводле спадарыні Прыты – сустрэча зь Віктарам Івашкевічам:

(Прыта: ) “Для нас вельмі карысна сустракацца зь людзьмі, на якіх наўпрост паўплывалі праблемы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Мы лічым, што справа спадара Івашкевіча вельмі сур’ёзная, гэтак жа, як і справы Маркевіча і Мажэйкі. Гэта вельмі нэгатыўная тэндэнцыя, калі ў заканадаўстве дзяржавы існуюць адмысловыя палажэньні аб абароне прэзыдэнта.”

Паводле спадарыні Прыты, гэта абсалютна не адпавядае міжнародным стандартам па свабодзе слова. Як прыклад яна прывяла пастанову Эўрапейскага суду па правах чалавека, паводле якой дзяржаўныя чыноўнікі павінны падвяргацца большай крытыцы, чым звычайныя грамадзяне, бо для адкрытага грамадзтва вельмі важна, каб людзі маглі крытыкаваць прадстаўнікоў улады, якіх яны выбіраюць, асабліва прэзыдэнта, паколькі ў ягоных руках самыя вялікія паўнамоцтвы. Таму, лічыць спадарыня Прыта, крытыка – гэта адзіны спосаб, каб прымусіць гэтых людзей несьці адказнасьць за свае дзеяньні.

Віктар Івашкевіч у сваю чаргу падзякаваў “Артыкулу 19” за ўвагу да свае пэрсоны і сказаў, што такая ўвага яму маральна дапамагае:

(Івашкевіч: ) “Я вельмі ўдзячны і рады, што журналісты беларускія і замежныя рэгулярна праяўляюць салідарнасць са мной, тым самым дэманструючы, што яны ёсць сіла. І тое, што да мяне ўвесь час прыяжджаюць такія людзі знакамітыя і сустракаюцца са мной, аб’ектыўна дапамагае мне на месцы адбываньня пакараньня, бо адміністрацыя, зважаючы на гэтую салідарнасьць, паводзіць сябе ў адносінах да мяне больш ляяльна.”

Паводле зьменаў, што нядаўна былі ўнесеныя ў крымінальны кодэкс, Віктару Івашкевічу павінна быць зьмененая мера пакараньня і, магчыма, што ўжо празь месяц ён будзе вольны. Калі гэтага не здарыцца, то спадар Івашкевіч разьвітаецца з баранавіцкай “хіміяй” толькі ў сьнежні.
XS
SM
MD
LG