Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯЦЬ ЗЬ ДЗЕСЯЦІ ПРЫЗНАЧАНЫХ СУДОМ ДЗЁН АРЫШТУ АДБЫЎ У ІЗАЛЯТАРЫ А.ЯРАШУК

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аляксандар Ярашук трапіў у ізалятар паводле прысуду за непавагу да суду. Гэта лічыцца адміністрацыйным парушэньнем, і закон не прадугледжвае для такіх асуджаных спатканьняў. Таму сёньня ні жонцы Аляксандра Ярашука Надзеі, ні ягоным сябрам і калегам сустрэцца зь ім не ўдалося. Яны здолелі толькі перадаць для яго харчы ды апошнія беларускія і расейскія газэты.

Начальнік ізалятару на Акцэсьціна ў Менску паведаміў, што Аляксандар Ярашук адчувае сябе добра, ні на што не скардзіцца, канфліктаў з ахоўнікамі ці іншымі арыштантамі ў яго нібыта не было. Сярэдні сын Ярашука Юры, спаслаўшыся на ліст бацькі, які той перадаў на волю, дадаў да гэтых зьвестак наступнае:

(Юры: ) “Камэра ў яго 20 квадратных мэтраў, там цяпер тры чалавекі, але чакаецца, што будзе болей. Ложкаў там няма, сьпяць усе на невысокім драўляным подыюме. Харчаваньне сярэдняе, але ён ня скардзіцца. Піша, што дзеліцца зь людзямі тым, што яму перадаюць. На шпацыры іх не выводзяць, і адсутнасьць сьвежага паветра, відаць, галоўная праблема. Яшчэ ён дзякуе ўсім за падтрымку. А ўвогуле, мяркую, трымаецца малайцом”.

Што да падтрымкі, то, паводле Надзеі Ярашук, усе пяць дзён, якія мінулі з часу арышту ейнага мужа, хатні тэлефон маўчаў толькі начамі.

(Надзея Ярашук: ) “Тэлефанавалі зь Берасьця землякі, казалі, што падтрымліваюць, шмат званкоў зь іншых месцаў Беларусі, тэлефанавалі з Масквы і нават з Жэнэвы — ягоныя калегі зь міжнародных прафсаюзаў. Мы яму перадалі пра гэта зьвесткі. Ён чалавек мужны і, я перакананая, усё вытрымае, а на правакацыі не паддасца”.

У апазыцыю Аляксандар Ярашук прыйшоў складаным шляхам. Пры канцы 1980-х гадоў ён працаваў першым сакратаром Клецкага райкаму партыі, і з гэтай пасады яго забралі на працу ў ЦК КПБ. У сярэдзіне 1990-х ён быў намесьнікам старшыні Менскага аблвыканкаму, але сышоў адтуль пасьля таго, як на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі выказаў нязгоду зь ягоным эканамічным і палітычным курсам.

У 2001 годзе Ярашук вырашыў браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах і даволі ўдала стартаваў, але зьняў сваю кандыдатуру на карысьць адзінага кандыдата ад апазыцыі Ўладзімера Ганчарыка.

Пяць дзён таму, напярэдадні паседжаньня Ленінскага суду Менску, Аляксандар Ярашук быў перакананы, што яго ня проста прызнаюць вінаватым і пакараюць штрафам, а менавіта пасадзяць за краты, каб дадаткова зьняважыць. “Гэта помста за тое, што я, былы намэнклятурнік, адышоў ад іх у апазыцыю”, — тлумачыў Аляксандар Ярашук, які адмыслова не апрануў у суд свайго штодзённага гарнітуру.

Салідарнасьць зь Ярашуком ужо выказалі тры найбуйнейшыя прафсаюзы Расеі й міжнародны саюз прафсаюзаў IUF, які аб’ядноўвае 340 галіновых прафсаюзаў з 126 краінаў. А Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, які ўзначальвае Аляксандар Ярашук, вырашыў правесьці агульную акцыю падтрымкі 10 кастрычніка.

Адтэрміноўка патрэбная, каб мець дазвол на акцыю ад уладаў, патлумачыў Радыё Свабода віцэ-прэзыдэнт кангрэсу Мікалай Канах. Паводле яго, ад ідэі правесьці несанкцыянаваны пікет побач з ізалятарам на Акрэсьціна большасьць кіраўнікоў кангрэсу адмовілася, каб уся арганізацыя не апынулася пад пагрозай закрыцьця.

Тым часам адвакат Аляксандра Ярашука абскардзіў прысуд у менскім гарадзкім судзе.
XS
SM
MD
LG