На бацькоўскім сходзе абмяркоўвалі пытаньні наконт памяшканьняў для ліцэістаў, а таксама пошук сродкаў для матэрыяльнай базы для паўнавартаснага навучаньня. Кіраўнікі грамадзкіх арганізацыяў, якія далі свае памяшканьні для вучобы ліцэістам, адчулі на сабе ціск з боку ўлады. Сябра бацькоўскай рады Алесь Замкевіч паведаміў Радыё Свабода:
(Замкевіч: ) “Захады робяцца. Памяшканьні ў нас пакуль ёсьць, але ёсьць і небясьпека, што частку памяшканьняў мы можам і згубіць з-за ціску дзяржавы, якой такая сытуацыя, відавочна, не падабаецца. Напрыклад, у памяшканьне на Фрунзэ, 5, там, дзе знаходзіцца Дом літаратара і там, дзе нашы дзеткі вучацца на курсах, прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і выказвалі прэтэнзіі. Так што я не выключаю, што нас адтуль могуць і “папрасіць”.
На адрас ліцэю прыходзяць лісты падтрымкі ад розных грамадзкіх арганізацыяў і вядомых асобаў. Бацькі зачыталі лісты на бацькоўскім сходзе. Гаворыць бацька першакурсьніцы Віктар Савіцкі:
(Савіцкі: ) “У сёньняшняй сытуацыі, калі нашых дзяцей пачынаюць выціскаць з памяшканьняў, якія мы знайшлі, нам патрэбная падтрымка маральная і матэрыяльная і ад беларусаў, і з замежжа. Нам вельмі прыемна атрымліваць лісты ў падтрымку ліцэю, нашай справы. Мы вельмі ўдзячны тым людзям, якія нас падтрымліваюць”.
На бацькоўскім сходзе прысутнічалі некалькі ліцэістаў. Дзеці па-ранейшаму ня скардзяцца на ўмовы навучаньня. Першакурсьніца Вольга Глазко адмовілася вярнуцца ў звычайную школу.
(Вольга: ) “Мне вельмі падабаецца вучыцца тут, бо вельмі цікава. Нават цікавей хадзіць у розныя будынкі… Адрэналінчык! Цікава, весела, і я нікуды не хачу адсюль сыходзіць. Мае посьпехі? Атрымала ўжо тры “дзясяткі” па беларускай літаратуры”.
Падчас сходу некалькі міліцыянтаў падыходзілі да натоўпу людзей ля брамы зачыненага ліцэю, але крыху пастаяўшы, адыходзілі. На вуліцы стаялі некалькі міліцэйскіх аўтамабіляў і два амонаўскія аўтобусы. Яшчэ некалькі дзясяткаў міліцыянтаў хадзілі ўздоўж агароджы стадыёну “Дынама”. Хутчэй за ўсё, такая колькасьць міліцыянтаў была абумоўленая тым, што ў той час адбываўся футбольны матч.