Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТ ПАРТЫІ СВАБОДЫ ВАСІЛЬ ПАРФЯНКОЎ ПАПЯРЭДЖАНЫ СУДОМ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Міліцыянты, якія затрымалі Васіля Парфянкова ля расейскай амбасады, сьцьвярджалі, што ён браў актыўны ўдзел у недазволеным пікеце супраць вайны ў Чачэніі. Але іхныя паказаньні былі даволі супярэчлівыя. Сам Васіль сьцьвярджаў, што ў пікеце ня ўдзельнічаў, а толькі хацеў перадаць у амбасаду адпаведную пэтыцыю.

Адавакат Павал Сапелка прасіў суд спыніць справу. Аднак судзьдзя Тацяна Паўлючук вінаватым Парфянкова прызнала, але вынесла самае лёгкае пакараньне — папярэджаньне.

Васіль Парфянкоў так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Парфянкоў: ) “Я лічу, што судзьдзя аб’ектыўна разабралася ў гэтай справе і таму такі, больш мяккі, прысуд. А тое, што прызнаны вінаватым, то ў нас назіраецца такая тэндэнцыя, што ўжо колькі год у адміністрацыйных справах не бывае апраўдальных рашэньняў”.

А вось меркаваньне адваката Паўла Сапелкі:

(Сапелка: ) “Я ня цалкам задаволены гэтым рашэньнем. На мой погляд, гэты хлопец не парушаў адміністрацыйнага заканадаўства. Але судовая пастанова сьведчыць пра тое, што судзьдзя фармальна прызнала яго вінаватым. Тым ня менш, яна выказала сваю грамадзянскую пазыцыю — не прызначыўшы яму рэальнага пакараньня”.

Нагадаю, што за ўдзел 8 верасьня ў пікеце ля амбасады Расеі Сяржук Высоцкі пакараны 10-сутачным арыштам, а Юрась Данілаў буйным штарафам — 280 000 рублёў.
XS
SM
MD
LG