Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЭЦІЯ СУТКІ ТРЫМАЕ ГАЛАДОЎКУ Ў МЕНСКІМ СПЭЦПРЫЁМНІКУ ЛІДЭР БЕЛАРУСКАЙ ПАРТЫІ СВАБОДЫ СЯРЖУК ВЫСОЦКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Жонка Сяржука Высоцкага Ала і актывіст Беларускай Партыі Свабоды Валянцін Баранаў сустрэліся 10 верасьня з начальнікам менскага спэцпрыёмніку Алегам Палутавым і з пэрсаналам гэтай установы. Яны спрабавалі перадаць зьняволенаму лідэру БПС цёплыя рэчы, ежу й ваду. Але начальнік дазволіў перадаць у камэру толькі адзеньне.

Распавядае Валянцін Баранаў:

(Баранаў: ) “Я папрасіў, каб міліцыянты сказалі — у якой камэры сядзіць Высоцкі, але яны адмовіліся казаць. Я прасіў перадаць яму пасылку, аднак яны адмовіліся. Сказалі, што чалавек абвесьціў галадоўку, і таму, маўляў, якія могуць быць прадукты?.. Я кажу: тут ёсьць 4 пляшкі мінэралкі, бо Высоцкі ж абвесьціў не сухую галадоўку, але зноў адмовілі. Я падыйшоў да кіраўніка гэтай установы, аднак і ён катэгарычна ва ўсім адмовіў. Ён сказаў, што Высоцкі напісаў у нейкай паперы, што будзе ўжываць толькі гарбату. Я казаў: “Дазвольце мне зь ім сустрэцца і прапанаваць яму адмовіцца ад галадоўкі”. Але начальнік сказаў, што Высоцкі дарослы чалавек і сустрэчу зь ім не дазволіць”.

Пры гэтым начальнік спэцпрыёмніку запэўніў, што ў разе патрэбы Сяржуку Высоцкаму будзе аказаная мэдычная дапамога. Аднак Валянцін Баранаў, які сам нядаўна правёў у камэры спэцпрыёмніку 14 сутак за ўдзел у недазволеным мітынгу, гаворыць, што ахова гэтай установы звычайна абыякава ставіцца да вязьняў, што абвяшчаюць галадоўкі.

Юрыст праваабарончага Цэнтру “Вясна” Ўладзь Лабковіч лічыць паводзіны адміністрацыі спэцпрыёмніку незаконнымі:

(Лабковіч: ) “Ёсьць парадак утрыманьня зьняволеных у такіх спэцпрыёмніках, і паводле гэтага дакумэнта такія перадачы безумоўна перадаюцца і павінны прымацца. Спасылка на тое, што гэта жаданьне спадара Высоцкага недарэчная, таму што мы ня ведаем — наколькі гэта адпавядае праўдзе. Тым больш, калі ідзе размова пра мінэральную ваду, якая ёсьць абавязковай, каб ён мог фізычна існаваць ва ўмовах галадоўкі, каб гэтая акцыя не прынесла вялікіх пашкоджаньняў ягонаму здароўю. Бо паводле ўсіх мэдычных крытэрах, вада ў такім выпадку проста неабходная. На нашую думку, яны наўмысна паставілі пад пагрозу здароўе зьняволенага спадара Высоцкага”.

Цяпер родныя, сябры лідэра Партыі Свабоды і праваабаронцы будуць дамагацца, каб Сяржуку Высоцкаму аказвалася мэдычная дапамога, а таксама каб ён мог сустрэцца з адвакатам.

Нагадаю, што Сяржук Высоцкі 8 верасьня быў пакараны 10-сутачным арыштам за арганізацыю ля амбасады Расеі пікету супраць вайны ў Чачэніі. На знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня ён абвясьціў галадоўку.
XS
SM
MD
LG