Жонка асуджанага прафэсара Галіна Бандажэўская, кандыдат мэдычных навук, змушаная была яшчэ летась пакінуць працу ў Гомельскім мэдінстытуце і перабрацца ў Менск да сваякоў, каб быць бліжэй да мужа.
У Менску яна ўладкавалася на працу ў інстытуце БелРАД у прафэсара Несьцярэнкі. Каб неяк даглядаць сям’ю, спадарыні Бандажэўскай даводзіцца яшчэ практыкаваць у паліклініцы. Працоўны дзень у Галіны Бандажэўскай доўжыцца сама меней 12 гадзінаў.
З маці ў Менск пераехала і меншая дачка Бандажэўскіх Натальля. Зараз яна закончыла 8 клясу ліцэю.
Старэйшая дачка Вольга, як і бацькі, таксама прафэсійны лекар. Яна выйшла замуж за аднакурсніка, жыве і працуе цяпер у Гомлі. Аднак шлях да прафэсіі пасля таго, як бацьку пасадзілі за краты, быў ня простым.
(Вольга Бандажэўская: ) “Адносіны новага рэктара да маёй маці, да мяне і майго бацькі былі ня вельмі прыязнымі. Я перавялася ў Горадню і закончыла тамтэйшы мэдычны ўнівэрсытэт. Потым паводле разьмеркаваньня вярнулася назад у Гомлю. Мужа напачатку разьмеркавалі ў Жлобін. Давялося нялёгка, трэба было самастойна шукаць працу, мужу пераводзіцца са Жлобіну ў Гомлю. Я, калі прыйшла ўладкоўвацца на працу, у шпіталь, пачула, што месца няма”.
Нягледзячы на тое, што ў колішняй гомельскай кватэры прафэсара Бандажэўскага жыве ўжо дачка з мужам, сюды па-ранейшаму наведваюцца прадстаўнікі рэгіянальнай управы Камітэту выкананьня пакараньняў.
(Вольга Бандажэўская: ) “У красавіку гэтага году прыходзіла жанчына з управы Камітэту выкананьня пакараньняў. Яна патрабавала цягам сутак паказаць усю нашую маёмасьць. Такая папера прыйшла зь Менску. Але мы з мужам былі зьдзіўленыя. Мама ўжо каля году як жыве ў Менску. Мы ў кватэры жывем сваёю сям’ёю, маем уласныя рэчы. Як яна будзе адрозніваць, ня ведаю”, - распавяла Вольга, старэйшая дачка асуджанага прафэсара.
Зрэдку, калі дазваляюць спатканьні ў турме, сям’і даводзіцца бачыцца з бацькам. Юры Бандажэўскі хаця і сам пакутуе, але імкнецца маральна падтрымаць сям’ю.
(Вольга Бандажэўская: ) “Бацька наказвае нам трымацца, верыць у лепшае: усё ўладзіцца і праўда пераможа. Але я бачу, што яму вельмі цяжка знаходзіцца за кратамі”.
На гомельскі адрас сям’і Бандажэўскіх да гэтага часу прыходзяць лісты і паштоўкі з Англіі, Францыі, Італіі. Пішуць навукоўцы, розныя грамадзкія арганізацыі. Нават дзеці дасылаюць свае малюнкі асуджанаму прафэсару.