Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯЎРАДАВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСІ ЎТВАРЫЛІ "БЕЛАРУСКІ ДОМ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА"

Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Беларускі дом правоў чалавека" – такую назву атрымаў утвораны 3 чэрвеня добраахвотны саюз недзяржаўных арганізацыяў. Саюз утвораны з удзелам нарвэскага "Фонду Дамоў правоў чалавека" на узор аналягічных арганізацыяў у многіх краінах сьвету. Прыкладам, Дамы правоў чалавека існуюць ў Нарвэгіі, Польшчы, Расеі, Босьніі і нават Кеніі. Звычайна гэта сумеснае валоданьне будынкам, на плошчах якога дзейнічаюць праваабаронцы ды няўрадавыя арганізацыі самага рознага профілю.

Ці ўдасца ў Беларусі сапраўды узьвесьці будынак Дома правоў чалавека, пакуль заснавальнікамі не камэнтуецца. Наперадзе яшчэ рэгістрацыя самой арганізацыі ў Міністэрстве юстыцыі, пошук плошчаў пад юрыдычны адрас ды іншыя клопаты. Але першы крок ужо зроблены – сёньня прайшоў устаноўчы зьезд, зацьверджаны статут і дамова паміж арганізацыямі, абраная рада. Дамову падпісалі праваабарончыя арганізацыі "Прававая ініцыятыва" і "Вясна", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Таварыства беларускай мовы ды іншыя няўрадавыя арганізацыі. Сярод іх "Супольнасьць", кіраўнік якой Сяргей Мацкевіч гэтак акрэсьліў неабходнасьць аб'яднаньня:

(Мацкевіч: ) "Мы лічым, што моцнае супрацьдзеяньне грамадзкіх арганізацыяў, плюс падтрымка міжнародных удзельнікаў, плюс друк і воля звычайных людзей дапамогуць няўрадавым арганізацыям захавацца. Безумоўна, існуе нейкі загад зьверху закрыць найбольш моцныя і ўплывовыя арганізацыі, і супрацьстаяць гэтаму магчыма толькі праз саюз".

Нагадаем, сёлета сапраўды адзначаны брутальны наступ уладаў на няўрадавыя арганізацыі, якія выконвалі ролю мясцовых цэнтраў грамадзкай актыўнасьці. Закрытыя былі "Грамадзянскія інацыятывы" ў Гомелі, "Ратуша" ў Горадні, "Варута" ў Баранавічах ды іншыя. На думку заснавальнікаў "Беларускага дома правоў чалавека", гэтае аб'яднаньне дапаможа ня толькі спыніць наступ уладаў, але і забясьпечыць большую эфэктыўнасьць дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў ў сёньняшніх цяжкіх умовах.
XS
SM
MD
LG