Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЁ БОЛЬШ БЕЛАРУСКІХ ЖАНЧЫНАЎ ТРАПЛЯЮЦЬ ЗА МЯЖОЮ Ў НЯВОЛЮ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

“З намі абыходзіліся як з быдлам. У нас нават не было магчымасьці памыцца — на дзень давалі тры шклянкі пітной вады”, — дзеліцца ўспамінамі беларуска, якой цудам удалося вырвацца з сэксуальнага палону ў адной з азіяцкіх краінаў. Яе гісторыю, як і гісторыі іншых пацярпелых жанчынаў з Беларусі магчыма знайсьці ва ўлётцы, надрукаванай на грошы Дзярждэпартамэнту ЗША.

Такія ўлёткі зь пералікам парадаў, як не патрапіць у няволю, распаўсюджаныя ў консульскіх установах і пашпартна-візавых службах, дзе грамадзяне Беларусі афармляюць свае выезды за мяжу. Улётку падрыхтавала і распаўсюджвае Міжнародная арганізацыя міграцыі. Адзначаецца, што гэта толькі частка вялікай праграмы ў прадухіленьні нявольніцтва грамадзянаў Беларусі. Дзякуючы гэтай праграме ўдалося вярнуць дадому больш за 200 жанчынаў, якіх прымусілі працаваць прастытуткамі ці эксплюатавалі на нелегальных фабрыках.

Паводле ААН, для Беларусі незаконны гандаль людзьмі становіцца ўсё большай праблемаю. Да 20 тысячаў жанчынаў штогод зьяжджаюць за мяжу на нелегальныя заробкі, і паводле прагнозаў гэтая лічба будзе павялічвацца.

Другім складнікам праграмы прадухіленьня нявольніцтва ёсьць больш жорсткі крымінальны перасьлед “трафікераў” — тых, хто займаецца пастаўкаю будучых нявольнікаў на падпольныя фабрыкі ці ў бардэлі за мяжою. Летась у Беларусі было выяўлена больш за 100 такіх злачынстваў, але некаторыя “трафікеры” пазьбегнулі адказнасьці.

Мікалай Луканаў, намесьнік начальніка управы нораваў Міністэрства ўнутраных справаў скардзіцца на недасканаласьць заканадаўства.

(Лакунаў: ) “У нас ёсьць закон, але яго трэба ўдасканаліць. Прыкладам, адказнасьць уведзеная за продаж чалавека праз падман, а як быць, калі прымусілі пагрозамі ці іншымі захадамі? Такіх выпадкаў хапае, і гэта абмяжоўвае нашыя магчымасьці. Яшчэ трэба прадугледзець адказнасьць за распаўсюд дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнеце. У нас гэта ніяк не караецца, а потым мы зьдзіўляемся, што нашых дзяцей вязуць за мяжу і прадаюць у бардэлі”.

Між тым карані праблемы — у дрэнным сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі, якое і спараджае масавую эміграцыю моладзі з Беларусі ў пошуках заробкаў. Гэта прызнала загадчыца аддзелу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ірына Чуткова. Паводле яе, у найгоршым становішчы апынуліся маладыя жанчыны з правінцыі, дзе нават з адукацыяй цяжка знайсьці працу. Такіх жанчынаў лёгка падмануць, паабяцаўшы за мяжою добрыя грошы, чым і карыстаюцца злачынцы.
XS
SM
MD
LG