Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АMNESTY INTERNATIONAL АЦЭНЬВАЕ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ ВЕЛЬМІ КРЫТЫЧНА


Юры Дракахруст, Прага

У справаздачы адзначаецца, што парушэньні правоў чалавека і брак дэмакратыі працягвалі летась псаваць адносіны Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі. Прынамсі, прыгадваецца верасьнёўская заява Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, паводле якой у цяперашняй сытуацыі пра аднаўленьне статусу адмыслова запрошанай краіны ня можа быць гаворкі. Тады ж Асамблея стварыла адмысловую камісію для расьсьледаваньня справаў зьніклых грамадзкіх дзеячоў Беларусі. Гэта стала вынікам недастатковых высілкаў уладаў для расьсьледаваньня гэтых справаў.

Паводле Аmnesty International, леташні год характарызаваўся моцным ціскам беларускіх ўладаў на незалежныя мэдыі, для чаго выкарыстоўваўся артыкул крымінальнага кодэксу аб перасьледзе за паклёп на прэзыдэнта. Паводле гэтага артыкулу да абмежаваньня волі былі асуджаныя журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч і Віктар Івашкевіч.

Журналісты, адзначае Аmnesty International, нярэдка рабіліся ахвярамі нападаў невядомых асобаў, у справадачы прыгадваецца зьбіцьцё карэспандэнта радыё “Рацыя” Генадзя Кестнэра

Аб’ектамі перасьледу з боку ўладаў сталі летась некалькі праваабаронцаў. Адвакату Веры Страмкоўскай быў забаронены выезд за мяжу. Гэта адбылося пасьля таго, як яна выступіла на канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве з крытыкаю праўнай сыстэмы Беларусі. Адвакат Ігар Аксёнчык, прадстаўнік родных Дзьмітрыя Завадзкага быў асуджаны на паўтара году ўмоўна па абвінавачаньні ў паклёпе. Ён заяўляў, што да зьнікненьня апэратара ОРТ датычныя высокапастаўленыя беларускія ўрадоўцы.

У справаздачы Аmnesty International гаворыцца таксама пра шматлікія рэпрэсіі супраць удзельнікаў масавых акцыяў пратэсту, прыгадваюцца, прынамсі, удзельнікі пікету журналістаў у абарону Маркевіча і Мажэйкі. Паводле Аmnesty International, затрыманыя апазыцыянэры, удзельнікі масавых акцыяў нярэдка робяцца ахвярамі зьнявагаў, зьдзекаў і нават катаваньняў з боку прадстаўнікоў праваахоўчых органаў. У справаздачы прыгадваецца справа музыкі Стаса Пачобута, які быў моцна зьбіты міліцыянерамі пасьля затрыманьня.

Аmnesty International адмыслова падкрэсьлівае, што Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, летась у краіне былі пакараныя сьмерцю пяцёра асуджаных.

Ацэньваючы сытуацыю ў сьвеце ў цэлым, Аmnesty International адзначае, што шмат урадаў пад прыкрыцьцём змаганьня з тэрарызмам узмацнялі летась палітычныя рэпрэсіі. Сярод іншых у справаздачы крытыкуюцца Злучаныя Штаты за абыходжаньне з палоннымі, узятымі падчас вайны ў Афганістане, а таксама бакі расейска-чачэнскага і ізраільска-палестынскага канфліктаў.
XS
SM
MD
LG