У часе сёньняшняга судовага паседжаньня — ужо чацьвертага для Яўгеніі Казловай, Юрася Конышкі ды Ўладзімера Карабанава — іхная справа разглядалася ад самага пачатку, бо аршанская пракуратура прызнала несапраўдным рашэньне судзьдзі Алены Дзямешчанкі, якая прысудзіла тром пікетоўцам грашовыя штрафы — па 20 базавых адзінак кожнаму. Гэты вырак быў вынесены ў адсутнасьць падсудных, што й сталася падставаю для скаргі ў пракуратуру.
Цяпер справу трох сябраў КХП БНФ вядзе судзьдзя Ігар Калесьнік. Сёньня ён спрабаваў высьветліць, якім чынам трое ўдзельнікаў санкцыянаванага ўладамі пікету, паводле міліцэйскага рапарту, “парушалі Канстытуцыйны лад, грамадзкі правапарадак ды абражалі сваімі лёзунгамі гонар і годнасьць беларускіх грамадзянаў”. Нагадаем, што адзіным беларускім грамадзянінам, які згадваўся на плякатах у пікетоўцаў, быў Аляксандар Лукашэнка, а зьмест пляката быў наступны: “Лукашызм зьнішчае Беларусь”.
Тады як апытаныя сёньня сьведкі-міліцыянты так і ня здолелі пацьвердзіць абвінавачваньне, падсудная Яўгенія Казлова заявіла, што мае неабвержныя статыстычныя доказы таго, што словы на плякаце ёсьць праўдаю — гэта рост колькасьці самагубстваў, цяжкіх захворваньняў, беспрацоўе ды крызыс нараджальнасьці…
Паводле словаў іншых пікетоўцаў, міліцыянты не зрабілі ім у часе пікету аніводнае заўвагі, адпаведна, рапарт невядомага “дабрадзея” пра заўважаныя парушэньні, які зьявіўся толькі на наступны дзень, ёсьць адлюстраваньнем усяго толькі нечага прыватнага меркаваньня. Тае самае пазыцыі прытрымліваецца і прадстаўнік падсудных, юрыст аршанскага Вольнага прафсаюзу Алег Граблеўскі:
(Граблеўскі: ) “Я лічу, што гэтую судовую справу трэба скасаваць проста з-за адсутнасьці складу правапарушэньня. Ніякіх парушэньняў грамадзкага правапарадку або замаху на Канстытуцыйны лад у часе пікету не было! У іншым выпадку трэба судзіць не пікетоўцаў, а саміх міліцыянтаў, якія не спынілі незаконныя дзеяньні ды спрыялі такім чынам парушальнікам закону…
Зрэшты, гэта ня толькі маё ўласнае меркаваньне. Я зьвяртаўся да доктара юрыдычных навук, заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь, былога судзьдзі Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова ды маю ягонае пісьмовае пацьверджаньне таго, што зьмест плякатаў ды паводзіны пікетоўцаў не супярэчылі сучаснаму беларускаму законадаўству.
Гэтую пазыцыю мы будзем адстойваць і надалей. І ўжо сам факт таго, што пракуратура скіравала гэтую справу на перагляд, сьведчыць пра нашую хаця б невялікую, але перамогу”.
Аднак судзьдзю Ігара Калесьніка ўсе выказаныя меркаваньні не пераканалі, і ён вырашыў разьбіраць справу далей. Распачаты сёньня судовы працэс будзе працягнуты 9 чэрвеня.