Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ КРУШКІН ГАЛАДУЕ ШОСТЫЯ СУТКІ. СЁНЬНЯ ДА ЯГО ДАЛУЧЫЛАСЯ ЖОНКА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Павал Крушкін праводзіць галадоўку ў Магілёве, ля Дому культуры заводу штучнага валакна з дазволу гарадзкіх уладаў. На пятыя суткі галадоўкі Любоў Крушкіна выклікала “хуткую дапамогу” да мужа, якому стала дрэнна. Пасьля агляду мэдыкі запэўнілі, што стан здароўя галадоўніка пакуль пагоршыўся нязначна, аднак патрабуе штодзённага дагляду. Сам Павал Крушкін заявіў наступнае.

(Крушкін: ) “Стан здароўя дастатковы для таго, каб праводзіць галадоўку”.

За час галадоўкі асобай і гісторыяй Паўла Крушкіна, які, паводле ягоных словаў, пры спробе набыць аўтамабіль у прыватнай асобы быў ашуканы на вялікую суму грошай і цяпер ня можа дамагчыся праўды ў праваахоўных органах, мала зацікавіліся і мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, і ўлады. Яму толькі нанесьлі ўчора вызіт два прадстаўнікі Магілёўскага раённага выканкаму, будынак якога разьмешчаны насупраць месца, дзе адбываецца галадоўка, аднак чыноўнікі, паводле словаў спадара Крушкіна, таксама ня выявілі вялікага інтарэсу.

Галадоўнік ня бачыць іншага выйсьця, акрамя як працягваць акцыю пратэсту.

(Крушкін: ) “…Калі падарваная вера ў здольнасьць праваахоўных органаў абараніць ад злачынных замахаў. І як выяўленьне свайго ўнутранага стану”.

Паўла падтрымлівае жонка Любоў, якая сёньня далучылася да галадоўкі. Яна наступным чынам тлумачыць, чаму яна рашылася на такі скрайні захад.

(Крушкіна: ) “Мы на працягу году хадзілі ў суды і зьвярталіся ў розныя арганізацыі. Я проста больш ня веру ўладам”.

Павал Крушкін падкрэсьлівае, што ягоная акцыя пратэсту — непалітычная. Аднак наконт дзейнасьці праваахоўных органаў выказваецца рэзка.

(Крушкін: ) “Немагчыма зараз дамагчыся законнай справядлівасьці — ані ў працэсуальным парадку ў судзе, ані ў тых праваахоўных ворганах афіцыйных пракуратуры й міліцыі. Тут у нас — у Рэспубліцы Беларусь”.

Чакаць увагі правахоўных ворагаў і ўладаў Павал Крушкін мае намер да 27 траўня. Ён упэўнены, што здольны пратрымацца дзесяць дзён і верыць, што з дапамогаю галадоўкі ён даб’ецца выніку.
XS
SM
MD
LG