Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПРАФСАЮЗЫ НЕ ПУСКАЮЦЬ ЛЮДЗЕЙ У ПАГОНАХ


Ігар Карней, Менск

Дзясяткі тысячаў грамадзянаў Беларусі ня могуць скарыстацца са свайго канстытуцыйнага права быць сябрамі грамадзкіх аб’яднаньняў і перадусім утвараць прафсаюзы. Нягледзячы на прапісаныя ў заканадаўстве нормы, на практыцы гэтага права пазбаўленыя супрацоўнікі цэлага шэрагу дзяржаўных ведамстваў. І перадусім — сілавых структураў: узброеных сілаў, міліцыі, памежных войскаў, КГБ, мытнай службы. Пры гэтым, атрымліваецца, што частка людзей можа стаць сябрамі прафсаюзу, а іншыя — не.

Кіраўнік арганізацыйнага аддзелу ФПБ Анатоль Лявіцкі тлумачыць:

(Лявіцкі: ) “Калі там цывільныя адмыслоўцы, без пагонаў, тады прафсаюз ёсьць. А калі ўсе ў пагонах — то тады няма. Праўда, у структуры таго ж МУС могуць працаваць цывільныя асобы, як раней казалі, “вольнанаёмныя”: у гэтым выпадку яны сябры прафсаюзаў. Прыкладам, існуе прафсаюз работнікаў Узброеных сілаў, але гэта ня значыць, што яго складаюць афіцэры і салдаты. Гэта абслугоўны пэрсанал, які прыцягнуты на невайсковыя працы.

Наогул, у Беларусі існуе агульны прафсаюз дзяржаўных установаў, куды ўваходзяць і супрацоўнікі Дзяржкантролю, і прэзыдэнцкай адміністрацыі, і іншых. Асобна існуюць прафсаюзы пракуратуры, адвакатуры, судоў, натарыяльных кантораў, якія складаюцца зь дзяржаўных служачых. А вось міліцыянты ў пагонах — яны ня сябры прафсаюзаў; мытнікі, вайскоўцы ці памежнікі ў пагонах — гэтаксама”.

Спыніць ці часова прыпыніць дзейнасьць прафсаюзнай арганізацыі можа ня толькі вышэйшая структура (у выпадку з магілеўскім прафсаюзам мытнікаў — Дзяржаўны мытны камітэт), але й выканкам, дзе зарэгістраваны прафсаюз. Ад моманту рэгістрацыі выканкам мае права кантраляваць статутную дзейнасьць прафкаму. Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што ў бальшыні дзяржаўных арганізацыяў прафкамы, падпарадкаваныя Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, існуюць фармальна. Абараніць правы супрацоўнікаў яны ня здольныя, таму іхная дзейнасьць абмяжоўваецца выключна распаўсюдам пуцёвак.
XS
SM
MD
LG