Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЮРАКРАТЫЧНАЯ СЫСТЭМА ПЕРАШКАДЖАЕ РАЗЬВІВАЦЬ ПРАЦОЎНУЮ РЭАБІЛІТАЦЫЮ ІНВАЛІДАЎ

Галіна Абакунчык, Менск

Усё начыньне кампутарнае клясы і пашывачнага цэху на 30 працоўных месцаў — тэхніку, абсталяваньне, мэблю на суму 10 тысячаў даляраў — забясьпечвала галяндзкая дабрачынная кампанія “Nehem International” і міжнародная арганізацыя “Сафія”. Менскі гарвыканкам абмежаваўся рамонтам пакояў ды ільготамі на арэнду памяшканьня. Яшчэ раней падобныя цэнтры галяндцы стварылі ў Магілёве й Горадні.

Менская майстэрня гэтаксама мусіла быць адчыненай яшчэ паўгады таму, але працы ў Беларусі моцна перашкаджаюць шматлікія бюракратычныя праблемы — кажа дырэктар “Nehem International”, кіраўнік праекту Робін ван дэ Пол.

(Ван дэ Пол: ) “Бюракратычныя праблемы, якія мы сустрэлі й працягваем сустракаць, вельмі абцяжарваюць нашую працу. Нам даводзіцца працаваць паводле праўнай базы, якая была створаная дзеля іншых мэтаў. Гэта вельмі запаволіла рэалізацыю праекту. Паводле нашых плянаў, цяпер у Беларусі павінныя былі быць створаныя 250 працоўных месцаў, а пакуль іх толькі 125 — або палова ад заплянаванага”.

Як падкрэсьліў Робін ван дэ Пол, у Галяндыі паводле аналягічнай праграмы працаўладкаваныя 100 тысяч інвалідаў. У Беларусі ж, сярод 470 тысяч чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі працу маюць агулам ня больш за 17%. Паводле афіцыйнай статыстыкі, інваліды ўсё часьцей шукаюць працу праз цэнтры занятасьці, хоць на гэтым рынку яны амаль неканкурэнтаздольныя. Аднак на сёньня ў Беларусі няма адмысловай праграмы для іх працоўнай рэабілітацыі — кажа міністар працы Антаніна Морава.

(Морава: ) “Ёсьць агульная праграма па інвалідах. Але менавіта па працоўнай рэабілітацыі інвалідаў — пакуль няма. Гэта нашая задача і мы зьбіраемся над ёю працаваць”.

Інваліды ня маюць ад дзяржавы асаблівых прывілеяў перад звычайнымі людзьмі. У прыватнасьці, як паведаміў дырэктар Цэнтру сацыяльных работ Мікалай Барабашоў, інвалідам, што працуюць у аналягічных цэнтрах, налічваецца заробак на адну базавую велічыню — 98 тысяч рублёў, але пасьля выплаты падатку яны атрымліваюць ня больш за 60 тысяч. І нават гэтыя грошы інвалідам выплачваюць са значнымі спазьненьнямі — як і іншым грамадзянам краіны.
XS
SM
MD
LG