Юрыя Хадыку абвінавацілі ў арганізацыі Маршу “За лепшае жыццё!”, які праходзіў у Менску 12 сакавіка. Яго затрымалі напярэдадні Дня Волі і адвезьлі ў аддзел міліцыі Савецкага раёну. У судзе высьветлілася, што міліцыянты няправільна склалі пратакол. Судзьдзя Руслан Казадаеў накіраваў справу на дапрацоўку, а Юрыю Хадыку ўручыў пазоў на 15 гадзінаў. Прафэсар Хадыка скарыстаўся гэтай магчымасьцю і ў суд не прыйшоў. Амаль празь месяц судзьдзя Казадаеў разгледзеў справу ў адсутнасьці Юрыя Хадыкі і вынес пастанову — арышт на 15 сутак.
Мы зьвязаліся зь Юрыем Хадыкам па тэлефоне. На ягоную думку, улады прадэманстравалі палітычны перасьлед, а суд груба парушыў ягоныя правы.
(Хадыка: ) “Завочны прысуд паводле адміністрацыйных парушэньняў — гэта наогул ёсьць парушэньнем дзейнага закону. Але, у выпадку з маім прысудам, як і з шэрагам іншых прысудаў — гэта ёсьць яскравая праява адмовы ад якога-небудзь права наогул. Трэба або судзіць усіх удзельнікаў, або спыняць любыя перасьледы людзей, якіх яны ведаюць. Яны ведаюць мяне, яшчэ некаторых удзельнікаў дэмакратычнага руху. Калі міліцэйская хлусьня, міліцэйскае ілжэсьведчаньне робяцца адзінай падставаю для прысуду, то гэта канец любой праўнай сытуацыі. Безумоўна, мы пададзім скаргу ў гарадзкі суд. Сэнс гэтага хаваньня ад міліцыі толькі ў тым, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці на той абсалютны праўны “беспредел”, які прачынае праяўляцца ў барацьбе з палітычнай апазыцыяй”.
Калі цягам трох месяцаў Юры Хадыка трапіць у рукі міліцыянтаў, яго адвязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцу Акрэсьціна для адбыцьця пакараньня.