Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВОЛЮ ВЫЙШАЎ АКТЫВІСТ МАЛАДОГА ФРОНТУ АЛЕСЬ ТАРАСЕВІЧ


Любоў Лунёва, Менск

Васямнаццацігадовы Алесь Тарасевіч 14 траўня атрымаў дыплём пра выдатнае сканчэньне вучэльні. Адразу пасьля гэтага ён пайшоў на Кастрычніцкі пляц, каб удзельнічаць у пікеце. Літаральна празь некалькі хвілінаў амапаўцы затрымалі яго разам са Зьмітром Дашкевічам. Алеся абвінавацілі ў тым, што ён трымаў бел-чырвона-белы сьцяг і плякат: “Не — ілжывым рэфэрэндумам!” За гэта судзьдзя Натальля Вайцяховіч пакарала яго арыштам на трое сутак.

Хлопцам не пашчасьціла — яны трапілі ў камэру, дзе акрамя іх было яшчэ 17 чалавек.

Сёньня каля дзясятка маладафронтаўцаў і некалькі сябраў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ прыйшлі да спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, каб выказаць падтрымку Алесю. Алесь Тарасевіч упершыню трапіў за краты спэцпрыёмніка. Ён падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

(Тарасевіч: ) “Сядзелася ня вельмі добра, бо было цесна. Спачатку там было пятнаццаць чалавек, а потым — сямнаццаць. Надвор’е добрае і вокны не зачынялі, таму й паветра даволі халоднае. Звадзілі нас учора ў лазьню. Там цётка была вельмі не задаволеная тым, што нас прывялі. Яна пачала абзываць нас: “Каманду клапоў прывялі!”. Ну, а ў прынцыпу, няблага. Супрацоўнікі нармальна да нас ставіліся”.

Сярод прысутных быў і лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец.

(Севярынец: ) “Людзей насамрэч было мала, але ў Беларусі яшчэ засталіся людзі, гатовыя выходзіць і адкрыта выказвацца супраць сёньняшняй улады. Нават, калі слабыя вулічныя акцыі, нават, калі няшмат народу лічыць, што гэта патрэбна рабіць, мы гэта рабіць абавязкова будзем. Маладафронтаўцы будуць выходзіць на такія акцыі пры любой пагрозе незалежнасьці і дзеля тых нагодаў, якія маюць сымбалічнае значэньне для Беларусі. Таму, мы, безумоўна, будзем сустракаць і Зьмітра Дашкевіча. Мы будзем рабіць акцыі пад час увядзеньня расейскага рубля і ў Дзень Незалежнасьці. Безумоўна, Малады Фронт працягвае змагацца”.

За кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна застаецца Зьміцер Дашкевіч, пакараны 10 суткамі арышту. Праз тыдзень ён выйдзе на волю. Сёньня ягоныя паплечнікі перадалі яму харчовую перадачу.
XS
SM
MD
LG