На канфэрэнцыю прыехалі спэцыялісты з Вугоршчыны, Вялікай Брытаніі, Канады, Расеі, Харватыі ды іншых краінаў, якія маюць багаты досьвед арганізацыі выбарчых кампаніяў. Прысутнічалі на ёй і замежныя амбасадары, прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў. Не было толькі тых, каму гэтая канфэрэнцыя павінная была быць цікавай паводле іх прафэсійнага занятку, — прадстаўнікоў Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. Сытуацыю тлумачыць арганізатар канфэрэнцыі — Алена Танкачова зь “Незалежнага таварыства праўных дасьледаваньняў”:
(Танкачова: ) “Мы накіравалі асабістае запрашэньне спадарыні Ярмошынай, у якім прасілі яе ўзяць удзел у канфэрэнцыі й дэлегаваць іншых прадстаўнікоў ЦВК. Атрымаў асабістае запрашэньне і сакратар ЦВК Лазавік. Але ён адказаў, што, на думку ЦВК, грамадзкае аб’яднаньне, такое, як нашае, увогуле ня мае права наладжваць мерапрыемствы, зьвязаныя з выбарчым працэсам — нават на ўзроўні навукова-практычнай канфэрэнцыі — без узгадненьня з ЦВК праграмы і складу экспэртаў. Гэта — як мінімум, абсурдна. Мы дзейнічаем у рамках свайго статута. Іхная адмова ўдзельнічаць у канфэрэнцыі — гэта страта камунікацыі, страта іміджу”.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік на гэта адказаў, што запрашэньне было атрымана занадта позна — за два дні да канфэрэнцыі:
(Лазавік: ) “ЦВК — гэта дзяржаўны орган, які ўпаўнаважаны тлумачыць заканадаўства, камэнтаваць палажэньні заканадзейнага працэсу, і калі не ўзгадняць з намі, то прынамсі паведаміць ЦВК, што такая канфэрэнцыя адбудзецца, арганізатары былі проста забавязаныя. Стаўленьне аргаізатараў да ЦВК абыякавае, непаважлівае”.
Канфэрэнцыю вёў прадстаўнік Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Іштван Касегі, які кіраваў групай назіральнікаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году ў Беларусі. Тады міжнародныя назіральнікі нэгатыўна ацанілі выбарчую практыку, але ніякай рэакцыі на рэкамэндацыі Іштван Касегі не дачакаўся. Не дачакаўся ён і запрашэньня назіраць сёлетнія мясцовыя выбары.
(Касегі: ) “Як кажуць у нас: мяч на іхным баку. Мы чакаем адказу, мы чакаем рэакцыі, бо Беларусь таксама ўваходзіць у нашу арганізацыю”.
Іштван Касегі таксама нэгатыўна ацаніў адсутнасьць на канфэрэнцыі прадстаўнікоў ЦВК. “Ну, напэўна, яны занятыя сваёй работай… Напэўна, рыхтуюць новы Выбарчы кодэкс”, — сказаў Іштван Касегі. Бальшыня ўдзельнікаў канфэрэнцыі ўпэўненая ў неабходнасьці карэнных зьменаў дзейнага Выбарчага кодэксу.
Такія зьмены ініцыяваў дэпутат Валеры Фралоў, але на гэты момант з 53 старонок ягонага законапраекта пасьля ўзгадненьня зь дзяржаўнымі структурамі засталося ўсяго пяць. Яны датычаць адмены датэрміновага галасаваньня, судовага разгляду выбарчых скаргаў, гарантыі правоў назіральнікаў і ўключэньня ў склад камісіяў прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Зараз гэтыя прапановы разглядаюцца ў Цэнтры законапраектнай дзейнасьці.
(Фралоў: ) “Мяркую, што заключэньне з Цэнтру зьявіцца ў дваццатых чыслах, а тады праект будзе накіраваны прэзыдэнту і старшыні палаты, і трэба два тыдні, каб у камісіях трохі папрацавалі, і недзе празь месяц ужо можна выносіць. Але тут справа ў тым, што вось так кідаць яго ў гэты час — калі дух нейкі нямоцны ў нейкіх дэпутатаў — ня варта. Трэба заручыцца добрай падтрымкаю насельніцтва”.
Дэпутат Фралоў зьбіраецца правесьці істотную арганізацыйную працу і мае надзею, што нешта ўдасца зрабіць.