Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МАЕ БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў БЕЛАРУСІ РОЎНЫЯ ПРАВЫ З РАСЕЙСКАЙ?


Галіна Абакунчык, Менск

Лічаныя асобы сярод апытаных мінакоў казалі, што беларуская мова ў краіне мае аднолькавыя правы нароўні з расейскай. Ці, прынамсі, гэтыя правы дэкляраваныя паводле заканадаўства. Вось іхныя меркаваньні…

(Спадар: ) “Я лічу, што яны роўныя ў правах, іншае пытаньне — аб’ём выкарыстаньня моваў у грамадзтве. Па-максымуму выкарыстоўваецца расейская мова, але так склалася дзесяцігодзьдзямі”.

(Спадарыня: ) “Канечне, беларуская — нашая родная мова, але й расейскай мы шмат карыстаемся, беларускай многія ня ведаюць. Аднак, паколькі мы беларусы, то няхай бы ўсе вывучалі беларусую мову ды й размаўлялі на ёй”.

(Спадар: ) “З гледзішча дэклярацыі, то гэта, быццам бы, і мае месца. Але фактычна мы канечне ж ведаем, што беларуская мова з кожным годам страчвае свае пазыцыі, і мы бачым, што сёньня ўсё менш і менш беларускіх школаў, яна ўсё менш распаўсюджаная на ўзроўні дзяржаўных установаў. Таму можна гаварыць, што, на вялікі жаль, раўнапраўе дзьвюх моваў сёньня не зьяўляецца рэальнасьцю”.

Бальшыня маіх сёньняшніх суразмоўцаў заявілі, што беларуская мова ў Беларусі ня мае і ніколі ня мела роўных правоў з расейскай ані тэарэтычна, ані на практыцы. Іхныя аргумэнты былі гэткімі:

(Карэспандэнтка: ) “Ці мае беларуская мова ў нашай краіне роўныя правы з расейскай?”

(Спадар: ) “Дзе ж яны, роўныя правы? Беларускую зусім загналі ў нейкі кут цёмны. Хто карыстаецца беларускай мовай? У дзяржаўных установах карыстаюцца? — Не. У крамах карыстаюцца? — Не. На транспарце — там-сям… І ўсё”.

(Спадар: ) “Ніколі не было гэтай роўнасьці — з пачатку акупацыі Беларусі Расеяй”.

(Спадар: ) “Ня мае, ніяк ня мае. Каб у нас засталася свая мова, толькі свая, мы па-іншаму б жылі нават. Мы б сябе больш паважалі. Хай бы прыяжджалі людзі й думалі, як з намі размаўляць па-беларуску, а не мы мусім думаць, як нам размаўляць па-расейску. І мы б ня гнуліся, што нас назавуць “вёскай”, “калгасьнікам” і ўсё такое”.

(Спадарыня: ) “Не, беларуская мова ня мае роўных правоў з расейскай. У мяне сябар ёсьць, які заўсёды размаўляў па-беларуску, заўсёды. Цяпер ён у войску й піша мне адтуль, што там па-беларуску размаўляць зусім немагчыма. Бо яго там за гэта ганяюць і кажуць, што гэта дрэнна. І ўвогуле — паспрабуйце які-небудзь дакумэнт напісаць па-беларуску — адразу ж прымусяць па-расейску перапісваць”.

(Спадар: ) “Ніякай роўнасьці няма. А хіба ж гэта ня бачна? Беларуская мова толькі пачала адраджацца і зноў яе няма”.

(Спадарыня: ) “Тое, што здарылася 8 гадоў таму, — натуральна ж не спрыяла разьвіцьцю беларускай мовы. Бо нашае грамадзтва нагэтулькі зрусіфікаванае, што трэба працаваць над тым, каб пашыраць ужытак беларускай мовы. Таму страты, натуральна ж, ёсьць. Аднак, у нас цяпер столькі цудоўнай моладзі, якая цікавіцца нашай мінуўшчынай, якая без усялякіх аплатаў робіць раскопы, прыбірае старажытныя помнікі й месцы. У нас зьявіліся цудоўныя музычныя гурты такія, як “Троіца”, “NRM”, “Стары Ольса”. Адно, што неабходна ім даваць для выступаў добрыя залі, як, да прыкладу, Палац Рэспублікі, канцэртную залю “Менск”, а ня дошкі ў Парку Чалюскінцаў. Так што нашая мова не загіне, бо нашыя генэтычныя карані яшчэ ў дзясятым стагодзьдзі”.

Гэтаксама ў бальшыні сваёй апытаныя мінакі заявілі, што хацелі б, каб беларускай мове быў вернуты ранейшы статус і яна заставалася б у Беларусі адзінай дзяржаўнай мовай.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелі б вы, каб беларускай мове быў вернуты ранейшы статус адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі?”

(Спадар: ) “Натуральна. Я лічу, што гэта — адзіна правільна, каб беларуская была адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Канечне ж хацела б. Але ж гэта вельмі цяжка, нерэальна”.

(Спадар: ) “Дзяржаўная мова мусіць быць адна. Безумоўна — беларуская мова”.

(Спадар: ) “Некалі быў перагіб з расейскай мовай. Цяпер рабіць тую ж самую памылку і ўводзіць у грамадзтва толькі беларускую мову было б таксама вялікай памылкай…”

(Спадарыня: ) “Канечне, няхай будзе дзяржаўнай: так, як ва Ўкраіне украінская, у Расеі — расейская, а ў Беларусі — беларуская мова”.

(Спадарыня: ) “Беларуская мова мусіць быць галоўнай мовай, бо, калі няма мовы, то няма й народу”.

(Спадар: ) “Я ўпэўнены, што калісьці гэта адбудзецца, бо ў гісторыі было шмат прыкладаў, у той жа Чэхіі быў такі час, што чэская мова зьнікала як сродак зносінаў. Гэта было каля ста гадоў таму, а цяпер мова адрадзілася й ні ў кога няма сумневу, што гэта паўнацэнная славянская мова, якая займае сваё годнае месца ў шэрагу іншых моваў Эўропы й сьвету”.

Гэта былі выказваньні мінакоў на вуліцах Менску пра роўнасьць правоў беларускай і расейскай моваў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG