З просьбай пра беларускамоўную картку Аркадзь Галай месяц таму зьвярнуўся ў 511-ю філію “Беларусбанку”, якая абслугоўвае работнікаў ягонага цэху. Аднак просьбу рабочага ў банку не задававолілі, спасылаючыся на надрукаванае на фірмовым банкаўскім блянку патрабаваньне запаўняць заяву-анкету па-расейску. Спадар Галай паўтарыў свае спробы тройчы. Але беспасьпяхова.
(Галай: ) “Чацьвертая спроба аказалася больш пасьпяховай. Супрацоўніца філіі, якая прымала заяву, аказалася больш дасьведчанай. Яна спачатку таксама “адфутболіла” маю заяву, тыкаючы пальцам у гэты ганебны запіс “заполнять на русском языке”. Тады я сказаў: “Шаноўная, вы парушаеце закон”. Яна запыталася: “Какой закон?” Я сказаў: “Вы парушаеце Адміністрацыйны кодэкс Рэспублікі Беларусь, артыкул 172, пункт 2”. І яна ўсё-ткі зь вялікай злосьцю, зь неахвотай, але прыняла заяву”.
Праз два дні спадару Галаю патэлефанавалі зь філіі банку на працу і паведамілі, што беларускамоўная заява лічыцца “няправільна запоўненай” і таму картку яму афармляць ня будуць. Тады ён зьвярнуўся ў аддзел працы з карткамі галоўнага офісу банку. І нібыта знайшоў там паразуменьне:
(Галай: ) “Там прызналі, што тут нейкае парушэньне закону і што будуць займацца з гэтым філіялам”.
Яшчэ праз два тыдні спадару Галаю паведамілі, што ягоная беларускамоўная заява прынятая. Але на пытаньне, як будзе аформленая сама картка, яму патлумачылі, што пашпартныя зьвесткі будуць напісаныя па-беларуску лацінскай трансьлітарацыяй, а астатні тэкст — па-расейску. На просьбу выдаць яму цалкам беларускамоўную картку, супрацоўнікі банку патлумачылі, што яны такіх ня маюць. Такое становішча спадар Галай ацэньвае наступным чынам:
(Галай: ) “Я лічу, што калі ў нашай краіне абвешчанае дзьвюхмоўе, то гэта значыць, што і анкеты, і плястыкавыя карткі павінны быць і па-расейску, і па-беларуску. А атрымалася?.. Калі заказвалі гэтыя карткі, інтарэсы беларусаў ня ўлічаныя. Проста нібыта беларусаў у Беларусі няма”.
Рабочы Менскага трактарнага заводу Аркадзь Галай намераны дамагчыся права атрымліваць заробленыя ў Беларусі беларускія грошы па беларускамоўных банкаўскіх дакумэнтах.