Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНГАРВЫКАНКАМ ЗАБАРАНІЎ ІНВАЛІДАМ-КАЛЯСАЧНІКАМ ЗЬБІРАЦЦА НА ПЛЯЦЫ ЯКУБА КОЛАСА


Галіна Абакунчык, Менск

Каля дзясятка чалавек у інвалідных вазках пашыхтаваліся ўздоўж парку Дружбы народаў з плякатамі ў руках, на якіх было напісана: “Прэзыдэнт, калі пачнуць працаваць нашыя законы?”, “Дзяржава, інваліды ў цябе ёсьць”, “Мы таксама людзі і хочам жыць”. Нешматлікасьць удзельнікаў акцыі сталася вынікам таго, што гарадзкія ўлады забаранілі інвалідам сабрацца на пляцы Якуба Коласа. Многія не змаглі сюды дабрацца, а ісьці на непрыстасаванае месца, дзе выгульваюць сабак, інваліды палічылі для сябе абразьлівым. Гаворыць старшыня Асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі.

(Драздоўскі: ) “Мы вельмі хацелі сабрацца на пляцы Якуба Коласа, бо там больш зручна. А тут — самі бачыце — месца зусім непрыстасаванае, гэта лес, а ісьці ў лес, дзе сабакі — ня вельмі добра. Гэта па-першае, а па-другое — на Якуба Коласа нас змагла б пабачыць большая колькасьць людзей”.

У сваю чаргу кіраўніцтва Менгарвыканкаму сваё рашэньне тлумачыць роўнасьцю ўсіх грамадзянаў перад пастановай, прынятай кіраўніцтвам гораду ў 1999 годзе, паводле якой пляц Бангалор вызначаны, як месца масавых акцыяў. Гаворыць кіраўнік упраўленьня інфармацыі Менгарвыканкаму Аляксандар Пухаў.

(Пухаў: ) “Ім цяжка было б дабірацца і да Акадэміі навук. А там — транспартная разьвязка побач. Я разумею, што гэта спэцыфічныя людзі, але ж закон мусіць быць адзіны для ўсіх”.

Аднак інваліды-калясачнікі перакананыя, што ўлады наўмысна ўхіляюцца ад вырашэньня праблемаў інвалідаў і гэткім чынам хаваюць яе і ад вачэй грамадзкасьці. Гавораць удзельнікі мітынгу…

(Спадар: ) “Мы хацелі б, каб нас пабачылі як мага больш людзей і перадусім чыноўнікі. А нас адкінулі сюды, далей ад вачэй”.

(Спадар: ) “Улады павінныя зьвярнуць на нас увагу. Якія ўлады? Усе, пачынаючы ад прэзыдэнта”.

(Спадарыня: ) “Цяпер гэтая ўвага проста ніякая”.

(Спадар: ) “Кожны год мы зьвяртаемся да прэзыдэнта, як гаранта Канстытуцыі, аднак у адказ атрымоўваем толькі адпіскі зь міністэрстваў і з палаты прадстаўнікоў гэтаксама”.

(Спадар: ) “Гэткім чынам нам даводзіцца зьбірацца і нагадваць уладам, што мы ёсьць, а то ўлады думаюць, што інвалідаў увогуле няма”.

Сёньня дзяржаўныя органы ня маюць інфармацыі ні пра колькасьць інвалідаў-калясачнікаў, ні пра іхную працаўладкаванасьць. У асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў такіх людзей 700. Адмыслоўцы ж сьцьвярджаюць, што інвалідаў, якія ня ходзяць, агулам у краіне ад 8 да 12 тысячаў. Сяргей Драздоўскі кажа, што цяпер інваліды-калясачнікі разьлічваюць толькі на ўласныя сілы, бо большасьць грамадзкіх арганізацыяў даведзеныя да мяжы выжываньня. Паводле яго, гэта адмысловая палітыка ўладаў на разьяднаньне грамадзкіх сілаў з мэтаю зьменшыць іхную актыўнасьць.
XS
SM
MD
LG