Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРАМАДЗКІЯ АРГАНІЗАЦЫІ РАСПАЧАЛІ КАМПАНІЮ “НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Цягам апошніх тыдняў прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі ініцыявалі закрыцьцё 4-х уплывовых грамадзкіх арганізацыяў: гарадзенскай “Ратушы”, баранавіцкай “Варуты”, агульнабеларускага “Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу” і гомельскага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Ліквідацыйныя справы неакаторых з гэтых арганізацыяў ужо знаходзяцца ў судах.

Чыноўнікі абвінавачваюць іх у парушэньні статутнай дзейнасьці, захаваньні незарэгістраванага паліграфічнага абсталяваньня, нямэтавым выкарыстаньні сродкаў і аргтэхнікі й г.д. Актывісты Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў вырашылі распачаць кампанію ў абарону сваіх калегаў. Гаворыць актывістка асамблеі Алёна Валынец:

(Валынец: ) “Многія лідэры і актывісты грамадзкіх арганізацыяў сабраліся й вырашылі ініцыяваць кампанію “Наша салідарнасьць” у адказ на захады ўладаў ліквідаваць арганізацыі. І было вырашана, што мэтамі нашай кампаніі стануць, першае — гэта дэманстрацыя салідарнасьці грамадзкіх арганізацыяў у гэтай сытуацыі, і другое — гэта папярэджаньне наступных фактаў закрыцьця аб’яднаньняў. І першым нашым дзеяньням у межах кампаніі стала падпісаньне калектыўнага ліста да міністра юстыцыі. На жаль да сёньня з гэтага міністэрства мы ня маем адказу. Таму ўжо па сёньняшніх падзеях можна меркаваць, што патрабаваньні, якія зьмешчаныя ў калектыўным звароце, а менавіта — адкласьці разгляд справаў ліквідацыі або адклікаць заявы аб ліквідацыі — ня выкананыя”.

Тым часам звароты ад грамадзкіх арганізацыяў на імя міністра юстыцыі Віктара Главанава, прычым ня толькі зь Беларусі, але й з-за мяжы, працягваюць паступаць. Так, 24 найбольш буйныя польскія грамадзкія арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады спыніць перасьлед грамадзкіх арганізацыяў.

Самі ж лідэры гэтых арганізацыяў пакуль рыхтуюцца да судовых працэсаў. Гаворыць кіраўнік гомельскага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карніенка:

(Карніенка: ) “Мэта нашых паводзінаў там, у судзе, крыху іншая. Не для таго каб адстаяць правы, а паказаць абсурднасьць абвінавачваньняў. Безумоўна, мы ацэньваем тэндэнцыі й ведаем, дзеля чаго гэта робіцца і зь якой мэтаю. Таму надзеяў на перамогу ў гэтай справе няма. Зараз адбываецца калектыўная абарона, за што я ўдзячны Асамблеі”.

Кіраўнік гарадзенскай “Ратушы” Аляксандар Мілінкевіч таксама мала верыць, што суд буде справядлівым:

(Мілінкевіч: ) “У Беларусі такая практыка, што калі хочуць закрыць газэту, або грамадзкую арганізацыю, не было выпадкаў каб уладзе не ўдалося дамовіцца з судом. Суд выконвае тое, што вырашае ўлада. Было б прыемна быць першым такім выключэньнем, але я ня веру ў гэта”.

Акрамя ўладаў, на спадара Мілінкевіча спрабуюць аказаць ціск і невядомыя. Нядаўна нейкі “Русский национальный союз” даслаў яму ліст з пагрозаю фізычнай расправы.

Прадстаўнікі Асамблеі заяўляюць, што будуць бараніць сваіх калегаў. 21 траўня яны зьбіраюцца арганізаваць грамадзкія слуханьні па праблемах трэцяга сэктару. Актывісты Асамблеі таксама распрацоўваюць комплекс захадаў дзеля таго, каб не дапусьціць ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў.
XS
SM
MD
LG