Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЧАРНОБЫЛЬ І ДЗЯРЖАВА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Васіль Якавенка пачаў размову з наступнага назіраньня:

(Якавенка: ) "Прыехаў мой знаёмы з санаторыя "Радон" у Дзятлаўскім раёне, і ён быў уражаны, як многа там хворых жанчын, у тым ліку маладых, якія пакутуюць ад хваробаў ног. У клубах баліць, у каленках... І асноўная маса хворых з Гомельскай і Магілёўскай абласьцей. Такім чынам, небяспека ня зьнізілася".

Пісьменьнік Васіль Якавенка шмат гадоў узначальвае грамадзкую арганізацыю "Саюз Чарнобыль", якая спэцыялізуецца найперш на сацыяльных і экалягічных наступствах Чарнобыльскай катастрофы. Ён перакананы, што гэтыя наступствы за 17 гадоў ня сталі меншымі. Чыстых прадуктаў у забруджаныя раёны, паводле назіраньняў Васіля Якавенкі, завозіцца менш, людзі харчуюцца амаль цалкам тым, што вырасьцілі на падворку, між тым як зямля ня стала чысьцейшай.

(Якавенка:) "Умовы з кожным годам нават пагаршаюцца. Зьяўляюцца новыя радыёнукліды. Прыкладам, стронцый ператвараецца у лёгкі, рухомы нуклід амэрыцый 241, які добра засвойваецца расьлінамі і лёгка пераходзіць да чалавека. Прычым ён яшчэ больш ядавіты за стронцый. І наагул праз гэтак званы сындром абыякавасьці, які ахапіў простае насельніцтва ды кіраўнікоў, зьніжаная пільнасьць да небясьпекі".

Вынік бачны на паказчыках здароўя людзей, і асабліва драматычна выглядае статыстыка дзіцячых захворваньняў. Васіль Якавенка прыводзіць такія лічбы: калі за мінулы год у краіне колькасьць захварэўшых дзяцей павялічылася на 9%, то у Чарнобыльскіх раёнах – на 22%. За мінулыя 5 гадоў з 50% да 35% адсоткаў зьнізілася колькасьць здаровых дзяцей, народжаных на Гомельшчыне.

А што ў такім становішчы робіць дзяржава, якая мусіць выконваць законы аб абароне людзей, што церпяць ад наступстваў атамнай аварыі? Яна эканоміць сродкі празь змяньшэньне льготаў і ранейшых чарнобыльскіх выплат, і без таго малых і малаэфэктыўных. Гэта вынікае з рэпартажу нашага гомельскага карэспандэнта Казімера Яноўскага.

(Яноўскі: ) "Пачынаючы з 1995 году ўказамі кіраўніка дзяржавы мэтадычна абмяжоўваліся льготы, прадугледжаныя законам пра абарону насельніцтва, што пацярпела ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. З восені мінулага году на Гомельшчыне прыбавілася яшчэ і нявыплата розных грашовых дапамог і кампэнсацыяў. Бюджэтны доўг жыхарам пацярпелых раёнаў перавысіў 13 мільярдаў рублёў.

У Нароўлі, Хойніках, іншых месцах жыхары не атрымалі выплат за пражываньне на радыяцыйных тэрыторыях. Мацяркі, што маюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, засталіся без грашовых дапамог на дзяцей. Належным чынам не фінансавалася харчаваньне школьнікаў у забруджаных зонах. Не атрымалі “чарнобыльскіх” даплат студэнты.

Ня ў лепшым становішчы апынуліся і ліквідатары катастрофы. Для іх не пералічваліся прадугледжаныя законам сродкі за дадатковы водпуск. Адсутнічалі кампэнсацыі за нескарыстаныя пуцёўкі на аздараўленьне. Вось што сказаў аб гэтым ліквідатар наступстваў Чарнобыльскай катастрофы Аляксандар Сяўкоў з Чачэрскага раёну.

(Сяўкоў: ) “Нічога не атрымліваю. У першыя гады былі льготы. Цяпер, мусіць, толькі невялікая скідка з падаходнага налогу засталася. Болей нічога. Забралі льготы таму, што начальства паатрымлівала пасведчаньні, там не пабываўшы. А хто сумленна працаваў, нават, што былі са мною, тых багата ўжо зямлю параць, хто пабываў у той зоне”.

У пошуках справядлівасьці, абароны сваіх правоў, людзі нярэдка зьвяртаюцца у выканаўчыя органы і мас-мэдыі. Так, у прыватнасьці, паступіла адзінокая маці Сьвятлана Бондар з Брагіну, якой доўгі час не выплочвалі сацыяльнай адраснай дапамогі і дапамогі на дзіця па лініі Камчарнобылю. Аднак заяўніца атрымала даволі стандартны адказ: будуць грошы, выплацім".

Васіль Якавенка дадае да гэтых зьвестак наступную інфармацыю. Паводле яго, рашэньні аб скасаваньні чарнобыльскіх ільгот для жыхароў пэўных вёсак прымаліся на падставе недакладных дадзеных. Недзяржаўны інстытут БелРАД праводзіў замеры ў некаторых з такіх вёсак, і высьветлілася, што становішча з радыяцыяй там зусім не палепшылася, як сьцвярджаюць афіцыйныя крыніцы. У гэтай сувязі Васіль Якавенка прапануе перагледзець афіцыйныя дадзеныя, далучыўшы і незалежных дасьледчыкаў. Але ў яго ёсьць сумненьні, што чыноўнікі на месцах з гэтым пагадзяцца. На іх мог бы аказаць большае ўздеяньне дзяржкамітэт па Чарнобылю, аднак і да яго ў Васіля Якавенкі ёсьць пэўныя прэтэнзіі.

(Якавенка: ) "У мяне такое ўражаньне склалася, што гэтая рэспубліканская чарнобыльская структура не заняла патрэбнага ёй месца, яна ня мае статусу, карыстаючыся якім магла б аказваць рашучы ўплыў на вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў, у тым ліку дапамагаць пэўным людзям".
XS
SM
MD
LG