У Беларусі сур’ёзна парушаны балянс судовай і выканаўчай улады на карысьць апошняй, і гэта сталася асноўнай прычынай шматлікіх судовых памылак, зафіксаваных у 2002 годзе. Пра гэта заяўляюць праваабаронцы з Цэнтру правоў чалавека, якія прэзэнтавалі свой маніторынг гучных справаў мінулага году. Сярод іх выпадкі перасьледу адвакатаў, журналістаў, вайскоўцаў, чыя дзейнасьць добра вядомая грамадзкасьці, а таксама простых грамадзянаў.
Вядомы грамадзкі актывіст, старшыня саюзу “Чарнобыль” прафэсар Георгі Лепін быў летась асуджаны за ўдзел у красавіцкім шэсьці пратэсту супраць зьбядненьня. Да суду яго зьбілі міліцыянты, аднак судзьдзя нават ня стаў разьбірацца зь ягонымі скаргамі.
(Лепін: ) “Калі я судзьдзі кажу, што мяне зьбілі — нуль увагі. Кажу пра дакумэнты, якія сьведчаць пра зьбіцьцё — нуль увагі. Прапаную праглядзець стужку, зьнятую НТВ, на якой бачна, што я рабіў і як мяне затрымлівалі — зноў нуль увагі. Такім чынам, пра што б ні казаў суду, калі гэта выходзіць за межы ягонай мэты — цябе асудзіць, то ён ня чуе”.
Прывёўшы шматлікія прыклады, праваабаронцы адзначаюць, што ўлады Беларусі ўсё часьцей выкарыстоўваюць адміністрацыйны і крымінальны перасьлед як сродак спыненьня барацьбы людзей за свае грамадзянскія й палітычныя правы. І суды гэтаму толькі патураюць. Былы судзьдзя Вярхоўнага суду Ўладзімер Крыгін лічыць, што асноўнай прычынай такой пакорлівасьці судзьдзяў ёсьць іх залежнасьць ад выканаўчай улады.
(Крыгін: ) “З судзьдзём сёньня магчыма зрабіць што заўгодна. Зьняць з пасады, ня даць кватэру, не прысвоіць чарговую кваліфікацыйную клясу, а гэта мае значэньне і для прафэсійнага росту, і для заробку. Непажаданы раённы судзьдзя ніколі ня стане гарадзкім — вось вам і вынікі большасьці судовых працэсаў, якія ідуць на раённым узроўні. Заўсёды знойдуць, як прыціснуць непажаданага судзьдзю”.
Ён прапануе рэфармаваць судовае законадаўства, каб забясьпечыць незалежнасьць судовай улады. На думку Ўладзімера Крыгіна, суд павінен быць галоўным інстытутам у праваахоўчай сыстэме. Між тым, пакуль любое зь сілавых ведамстваў больш моцнае і больш абароненае законам, чым суд.
Кіраўнік Цэнтру правоў чалавека адвакат Вера Страмкоўская лічыць такое становішча невыпадковым. Яна на сабе спазнала перасьлед уладаў за спробы абараняць людзей, чые правы былі парушаныя. “Сёньняшнім уладам нявыгадна рэфармаваць судовую сыстэму такім чынам, каб суды былі незалежнымі, каб судзьдзя не падпадаў пад ціск старшыні выканкаму, начальніка міліцыі ці іншага чыноўніка. Гэтак лягчэй спыняць пратэсты і кантраляваць становішча ў грамадзтве”, — робіць выснову праваабаронца Вера Страмкоўская.