Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА СЕМДЗЕСЯТ ВЯДОМЫХ АСОБАЎ ПАДПІСАЛІ ЛІСТ З ПАТРАБАВАНЬНЕМ ВЫЗВАЛІЦЬ ВЯЗЬНЯЎ СУМЛЕНЬНЯ

Любоў Лунёва, Менск

Больш за семдзесят вядомых у Беларусі асобаў падпісалі ліст у падтрымку вязьняў сумленьня з патрабаваньнем да ўлады неадкладна іх вызваліць. Сярод тых, хто паставіў свой подпіс пад зваротам, вядомыя пісьменьнікі, палітыкі ды іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Замежныя грамадзкія арганізацыі, а таксама праваабарончыя міжнародныя арганізацыі “Amnesty International” і “Ліга правоў чалавека” ААН патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед дэмакратычна арыентаваных асобаў і выконваць нормы міжнароднага права. Гаворыць Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Калі гаварыць пра тое, што парушаюцца нормы міжнароднага права, парушаецца наша так званая Канстытуцыя, то я ўжо даўно не зьдзіўляюся. Парушаюцца штодня. Але, калі дарослы чалавек, якога лёс вынес на вышэйшую пасаду, ставіцца разам са сваёй хеўрай — са сваімі міністрамі, са сваімі праваахоўчымі органамі — да людзей высокай унутранай культуры як да дробнага жульля і паказвае, што ён робіць ім такое самае пакараньне, якое й дробным жулікам, як у старыя савецкія часы, — ён папросту паказвае сваё бескультур’е і бескультур’е той хеўры, якая дапамагае яму правіць”.

Людміла Гразнова, Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка і Леанід Малахаў мужна ўспрынялі свой арышт. У адміністрацыі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка паведамілі, што ніхто зь іх ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня і не патрабуе для сябе нейкіх дадатковых ільготаў.
XS
SM
MD
LG