Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ІНДЫВІДУАЛЬНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Рылькоў: ) “Нядаўна быў выпадак, калі капітан міліцыі з упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі хадзіў па гандлёвым цэнтры і раздаваў свае візытоўкі, каб гандляры прыбылі да яго на прыём. Яны на заўтра прыяжджалі, а ён пытаўся: “Чым вы не задаволеныя, менскімі ўладамі?” — “Не, не, мы ўсім задаволеныя”. — “Тады расьпішыцеся, што вы ўсім задаволеныя”.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Рыгор Рылькоў можа згадаць шмат прыкладаў ціску на гандляроў рынкаў. Паводле яго, гэта сапраўдная сыстэма. І ў ёй пагрозы кшталту неўміручага “Ах табе савецкая ўлада не падабаецца?!” займаюць ня менш значнае месца, чым бесьперапынныя праверкі кантрольных органаў.

Паводле Рыгора Рылькова, часам за дзень працы на рынку гандляра правяраюць двойчы, а то і тройчы, прычым з розных ведамстваў. Часта праверкі заканчваюцца грашовым спагнаньнем альбо канфіскацыяй тавару. Дадайце сюды падаткі, якія ўсё растуць, магчымыя страты з-за зьменаў кан’юнктуры рынку, спад пакупніцкай здольнасьці насельніцтва.

Ня дзіва, што індывідуальных прадпрымальнікаў у краіне ўсё меней. Летась толькі за тры апошнія месяцы іхная колькасьць, паводле саюзу прадпрымальнікаў, скарацілася на 6 тысяч — з 195 да 189 тысяч, а яшчэ 20 тысяч заяваў аб скасаваньні індывідуальнага прадпрымальніцтва ляжыць на разглядзе.

У Беларускім саюзе прадпрымальнікаў ды праваабарончых структурах пакрыўджаным па магчымасьці аказваецца дапамога. Шмат хто па яе зьвяртаецца, але, як адзначае Рыгор Рылькоў, многія прадпрымальнікі, у якіх ёсьць вялікія прэтэнзіі да прадстаўнікоў уладаў, аддаюць перавагу іншым сродкам вырашэньня праблемаў, чым зварот у суд. “Судзьдзі — залежныя ад дзяржаўный улады людзі, і зразумела, каму часьцей дастанецца перавага ў спрэчках чыноўнікаў з прадпрымальнікамі”, — лічыць экспэрт. Ягонае меркаваньне пацьвярджае гісторыя, якую распавядзе наш магілёўскі карэспандэнт Аляксандар Сердзюкоў.

(Сердзюкоў: ) “Летась міліцыянты арыштавалі на суткі прадпрымальніцу Натальлю Шварц за тое, што нібыта яна прадала скураную куртку за валюту. Сёлета яна мусіць сплаціць за гэтае парушэньне яшчэ і штраф. Натальля Шварц абураная. “Лічу, гэта незаконна — караць двойчы за адно і тое ж. Тым больш што гэтага парушэньня і не было”.

На судзе Натальля Шварц згадала пра факты, якія даказваюць яе невінаватасьць. Падчас затрыманьня яе аглядалі міліцыянты, але і сьведкамі паводле пратаколу ёсьць таксама міліцыянты ды той чалавек, які купляў куртку. Дарэчы, ягонае прозьвішча невядомае. Даляраў у Натальлі Шварц не знайшлі, але паверылі на слова гэтаму чалавеку. Пры гэтым тых людзей, якіх Натальля Шварц назвала ў якасьці сьведкаў, у суд не выклікалі.

Усё гэта пазьней яна выкладзе ў скарзе ў Вярхоўны суд. У тым ліку жанчына скардзілася на тое, што яна, маці непаўнагадовай дзяўчынкі, была незаконна арыштаваная. Вярхоўны суд сапраўды ўлічыў і адмяніў былое рашэньне, а справу вярнуў у Магілёў на новы разгляд. Але сцэнар другога працэсу над Натальляй Шварц быў як дзьве кроплі вады падобны на першы. Зноў яе аргумэнты не ўлічылі, яе сьведкаў ня выслухалі. У дадатак да першага пакараньня яе абклалі грашовым штрафам, які вельмі моцна ўдарыў па сямейным бюджэце.

Старшыня магілёўскага аддзяленьня Гельсынскага камітэту Ўладзімер Краўчанка ад імя Натальлі Шварц зьвярнуўся ў пракуратуру. Ён просіць апратэставаць судовае рашэньне і выкарыстаць захады пракурорскага ўзьдзеяньня да судзьдзяў Вікторыі Дзядзьковай і Тацяны Дуброўчык. Але сама Натальля Шварц на перамогу ўжо не спадзяецца.

(Шварц: ) “Я, відаць, ужо здалася. Столькі начэй я правяла бяз сна, столькі сьлёз праліла... Што магла, я зрабіла, а больш маіх сілаў змагацца няма”, — кажа прадпрымальніца.

Многія прадпрымальнікі Магілёва ў прыватных гутарках заяўляюць, што знаходзяцца ў бяспраўным стане, бо за любы пратэст іх могуць пакараць. Толькі на Задняпроўскім рынку Магілёва летась больш за 150 гандляроў атрымалі адміністрацыйныя штрафы за розныя быццам бы парушэньні, але адзінкі зь іх, як Натальля Шварц, паспрабавалі аспрэчыць гэтыя пакараньні праз суд”.


Мы працягваем гутарку зь віцэ-прэзыдэнтам саюзу прадпрымальнікаў Рыгорам Рыльковым. Вось ягонае тлумачэньне пасіўнасьці некаторых прадпрымальнікаў:

(Рылькоў: ) “Першае, яны ня вераць, што іх справядлівы голас будзе ў судах пачуты, а другое, баяцца, што рана ці позна ня тыя правяральшчыкі, дык іншыя, але зь імі паквітаюцца”.

Паводле Рыгора Рылькова, нядаўнія дэкрэты Аляксандра Лукашэнкі што да індывідуальных прадпрымальнікаў накіраваныя перш на тое, каб прымусіць іх перайсьці ў стан юрыдычных асобаў. Бо гэта дазволіць спаганяць больш падаткаў.

Але віцэ-прэзыдэнт саюзу прадпрымальнікаў ня верыць у эфэктыўнасьць такіх захадаў. Ён перакананы, што шмат людзей збанкрутуе і вымушаныя будуць альбо зьехаць з краіны, альбо ісьці на біржу беспрацоўных. Клапаціцца пра рост колькасьці прадпрымальнікаў з утварэньнем юрыдычнай асобы трэба празь зьмякчэньне ўмоваў для бізнэсу, а не наадварот, лічыць спадар Рылькоў. І даводзіць такую статыстыку. Беларусь, аказваецца, па колькасьці такіх бізнэсоўцаў на апошнім месцы ў СНД, ня кажучы ўжо пра Эўропу.

(Рылькоў: ) “У нас 2,6 на тысячу жыхароў, ва Ўкраіне — 5,7, у Расеі — 6,5, у Эўропе — 50 зь лішкам чалавек, у ЗША — 70 зь лішкам. Бачыце: дзе гэты паказчык большы, там і жывуць больш заможна”.


* * *
Пры канцы — пра галоўную навіну тыдня ў справах зьніклых апазыцыянэраў. У Страсбуры адбылося паседжаньне адмысловай камісіі пры Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы паводле гэтай праблемы. Эўрапейскія парлямэнтары выказалі незадавальненьне тым, як ідзе расьсьледаваньне гэтых справаў у Беларусі, і папярэдзілі, што будуць наўпрост зьвяртацца па тлумачэньні да Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG