Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ІНІЦЫЯТЫВЕ СТВАРЫЦЬ “СУД ГОНАРУ ДЛЯ ЭЎРАПЕЙСКІХ ПАЛІТЫКАЎ” ФІГУРУЕ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА


Вольга Караткевіч, Прага

Прапанову стварыць “Суд гонару для эўрапейскіх палітыкаў” падпісалі Ларыса Багараз, Павел Літвінаў, Віктар Файнбэрг – гэтыя праваабаронцы ў жніўні 1968 году выйшлі на Чырвоную плошчу ў Маскве з пратэстам супраць акупацыі Чэхаславаччыны, а таксама Елена Бонэр, Сяргей Кавалёў, Юры Арлоў, Аляксандар Лавут, іншыя.

У лісьце на імя чэскага прэзыдэнта Вацлава Гавэла яны ўзгадваюць пра выпадак з Аляксандрам Лукашэнкам, які не атрымаў чэскай візы для ўдзелу ў саміце НАТО, а пазьней стаў непажаданай асобай на тэрыторыі 14-ці краінаў Эўразьвязу.

“Сёньня, аднак, выпадак з Аляксандрам Лукашэнкам выглядае адзінкавым і несправядлівым, калі ў эўрапейскіх краінах – у Расеі, у прыватнасьці, – некаторыя палітыкі ня менш заслугоўваюць такога стаўленьня”, – напісана ў лісьце Гавэлу. Мы зьвязаліся ў Маскве з адным з аўтараў ідэі “Суд гонару” праваабаронцам Мікалаем Фармозавым, каб ён распавёў пра гэтую ініцыятыву:

(Фармозаў: ) “Рэч у тым, што гэта самы блізкі для нас прыклад. Яшчэ быў пазбаўлены візаў Робэрт Мугабэ, гэтаксама як і Лукашэнка. Гэта супала ў часе – рашэньне пра няўезд Лукашэнкі – у 20-х днях лістападу, а 12 сьнежня мы падпісалі на значным антываенным мітынгу зварот, што гэты выпадак патрабуе стварыць празрысты мэханізм. Трэба, каб адной з галоўных магчымасьцяў для жыхароў тых краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека, была б магчымасьць неяк удзельнічаць у працэсе, весьці маніторынг, хто сваімі выказваньнямі распаўсюджвае ксэнафобію, нацыянальную варажнечу, парушае правы чалавека – для нас у Расеі гэта таксама вельмі актуальная праблема”.

(Караткевіч: ) “Расейскія праваабаронцы не прадставілі падрабязнага сьпісу тых, каго бы яны хацелі бачыць “няўязднымі” ў Эўропу, але назвалі былога прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, які пачаў першую вайну ў Чачэніі, Уладзімера Пуціна, які распачаў другую, генэрала Ўладзімера Шаманава, які, на думку праваабаронцаў, вінаваты ў гібелі мірных жыхароў у Чачэніі.

Тэма парушэньня правоў чалавека ў Чачэніі – цэнтральная ў прапанове стварыць “Суд гонару для эўрапейскіх палітыкаў”. Праваабаронца Мікалай Фармозаў выказаў спадзяваньне, што яго беларускія калегі палічаць ініцыятыву правільнай і падтрымаюць яе:

(Фармозаў: ) “Рэч у тым, – ёсьць такага прымаўка, – што мы скаваныя адным ланцугом. Мы скаваныя адным ланцугом мінулага. Таму ў нас падобныя праблемы. Адна з самых важных праблемаў – гэта праблема глухаты ўладаў. Подпісы пад лістом да Гавэла пачыналіся подпісамі трох удзельнікаў дэманстрацыяў у 1968 годзе, калі пачалося савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну. Пра ўдзельнікаў той дэманстрацыі, іх было 8, зараз пра іх авораць, што яны апраўдалі сваё пакаленьне. Яны ўратавалі гонар нацыі. Пры гэтым людзей у Чачэніі забіваюць, гінуць дзеці, ліецца кроў. У Беларусі зьнікаюць журналісты, вядомыя палітыкі. Шмат агульнага”.

Аўтары пасланьня Вацлаву Гавэлу перакананыя, што “Суд гонару для эўрапейскіх палітыкаў” зможа паўплываць на расейскую і міжнародную думку, каб не спыняўся ціск на расейскае кіраўніцтва ў пытаньні парушэньня правоў чалавека ў Чачні. На думку праваабаронцаў, у міжнародны суд павінныя ўвайсьці былыя палітыкі, аўтарытэтныя ў Эўропе, а таксама вядомыя грамадзкія і культурныя дзеячы.
XS
SM
MD
LG