Летась сярод краінаў, дзе гэтыя правы парушаліся, было больш за дзясятак дзяржаваў старога кантынэнту, у тым ліку Чэхія, Вугоршчына – за перасьлед цыганоў, ці, напрыклад, Вялікая Брытанія – за дрэннае стаўленьне да ўцекачоў і імігрантаў. А сёлета, паводле “Human Rights Watch”, іх засталося толькі 6. Гэта Альбанія, Македонія, Югаславія, Турэччына, Украіна і Беларусь.
Цікава, што ў якасьці ілюстрацыі да артыкулу пра справаздачу “Human Rights Watch” польскі штодзёньнік зьмясьціў здымак зь Беларусі. На здымку на адной зь менскіх вуліцаў супрацоўнікі АМОНу ў кулеадпорных камізэльках, шаломах і высокіх вайсковых ботах жорстка зьбіваюць удзельнікаў апазыцыйнай акцыі дубінкамі ды вырываюць у іх бел-чырвона-белыя сьцягі.
Пад здымкам подпіс – цытата са справаздачы “Human Rights Watch”: “У Беларусі ўлады поўным ходам змагаюцца з апазыцыяй і незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі”.
Цікава таксама, што сам артыкул, аздоблены здымкам з жыцьця беларускага грамадзтва пачатку ХХІ стагоддзя, мае назоў “Ня толькі ў часе вайны”.