Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІ БЕСПРАЦОЎНЫ АДСТОЙВАЕ ПРАВА НА ПРАЦУ Ў СУДЗЕ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Раман Юргель мае 11-гадовы досьвед працы вэтэрынарным доктарам. Працаваў на мясакамбінаце. Але стаў нязручным для начальства, бо змагаўся супраць парушэньняў. І яго вымусілі звольніцца. Куды б ён не зьвяртаўся, нідзе на працу не бяруць.

Атрымаўшы неаднаразовыя адмовы ў абласной вэтэрынарнай лябараторыі, ён зьвярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Камянецкага. Пасьля гэтага лябараторыю аштрафавалі за ўтойваньне вакансіяў. Пра гэта на судзе паведаміў сам ейны кіраўнік Аляксандар Захар’яшчаў.

Беспрацоўны хадзіў нават да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі. Той затэлефанаваў на мясакамбінат і сказаў, што ў Р.Юргеля “кепская характарыстыка” і адмовіўся дапамагчы.

Пракурор Натальля Шыхавец настойліва выпытвала ў беспрацоўнага — на якой падставе ён патрабуе, каб яго ўзялі на працу? Спасылкі на артыкул Дэклярацыі правоў чалавека і на Канстытуцыю яе не задаволілі. Гаворыць старшыня рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “Прагназаваць сытуацыю складана. Таму што я ня ведаю нормаў, якія б абавязалі адміністрацыю вэтлябараторыі прыняць Юргеля на працу. На жаль, нашае заканадаўства прымушае часам жадаць лепшага”.

Суд вырашыў не выклікаць у якасьці сьведкі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Камянецкага, які спрабаваў дапамагчы беспрацоўнаму. І нават не запытваць у яго матэрыялы, якія маюць дачыненьне да справы. На наступным тыдні — працяг суду. Дарэчы, Раман Юргель — сябар Партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG