(Гары Паганяйла: ) “Няма ніводнага выпадку, каб урад Беларусі, адпаведныя дзяржаўныя ды судовыя органы прыслухаліся да рэкамэндацыяў Камісіі ААН па правах чалавека. Беларусь да іх не прыслухоўваецца, фактычна іх ігнаруе”.
Спадар Паганяйла – адзін з аўтараў справаздачы аб стане з правамі чалавека ў Беларусі, які праваабаронцы склалі паралельна з урадавай справаздачай. У гэтым дакумэнце прыводзіцца шмат фактаў, якія дазваляюць аспрэчыць афіцыйныя высновы пра “ў цэлым станоўчую сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі”.
Праваабаронцы гэтак ня лічаць. На іхную думку, сытуацыя з кожным годам пагаршаецца і ўжо амаль параўнальная з савецкім часам. Але вось на які істотны момант зьвяртае ўвагу Гары Паганяйла. Калі ў савецкі час урад і ня браў на сябе прынятых у дэмакратычным сьвеце абавязкаў у галіне правоў чалавека, дык Беларусь падобныя абавязкі ўзяла.
У прыватнасьці, наша краіна ратыфікавала Міжнародны пакт аб прызнаньні грамадзянскіх і палітычных правоў, і такім чынам грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасьць апэляваць да Камісіі ААН па правах чалавека, якая кватаруе ў Жэнэве. Згодна са статутам, камісія мае права даваць урадам краінаў пэўныя рэкамэндацыі адносна хібаў ды памылак, на якія скардзяцца грамадзяне, а ўрады абяцаюць гэтыя недахопы выпраўляць.
Гары Паганяйла кажа, што ведае ня менш як тры выпадкі, калі жэнэўская камісія прымала падобныя рэкамэндацыі адносна Беларусі. Праваабаронца называе, у прыватнасьці, справу грамадзяніна Беларусі Ўсьціновіча, які незаконна быў пакараны за палітычную актыўнасьць. Але праблема ў тым, што ніводная з гэтых рэкамэндацыяў дзяржаўнымі органамі Беларусі і судамі не была выкананая. Чаму?
(Паганяйла: ) “Яны ўпарта ігнаруюць рэкамэндацыі, бо такая афіцыйная палітыка — не прызнаваць фактаў грубага парушэньня правоў чалавека. А дзякуючы гэтаму ўрад тую ж місію АБСЭ выштурхоўвае — маўляў, што вам тут назіраць, калі фактаў няма. Вось кола і замкнулася. Бо паколькі групы назіральнікаў няма, то зь любым асобным грамадзянінам магчыма зрабіць што заўгодна”.
Паводле Гары Паганяйлы, беларускія ўлады робяць захады, каб штучна зьменшыць колькасьць скаргаў у Камісію ААН. Здараецца, што лісты грамадзянаў, нават дасланыя заказной поштай, губляюцца яшчэ на тэрыторыі Беларусі. Таксама праваабаронцы зафіксавалі выпадкі рэпрэсіяў супраць грамадзянаў, якім усё ж удалося паскардзіцца ў Жэнэву на беларускіх чыноўнікаў ці судзьдзяў.
Гары Паганяйла заявіў, што ў Беларускім Гельсынскім камітэце вядуць улік такіх фактаў і паведамляюць пра іх эўрапейскай грамадзкасьці. Праваабаронца паведаміў, што хутка Камісія ААН у Жэнэве разгледзіць скаргу прафэсара Юрыя Бандажэўскага. “Я не ўяўляю, як адрэагуюць беларускія ўлады, калі будзе станоўчае рашэньня Камісіі ААН на скаргу Бандажэўскага? Трэба будзе пераглядаць прысуд альбо пагаджацца з гучным скандалам. І тое і тое для нашых кіраўнікоў непажадана”, — кажа Гары Паганяйла, які, дарэчы, дапамагаў складаць скаргу Бандажэўскага ў Камісію ААН.
А ці можа просты грамадзянін адстойваць свае правы безь вядомых адвакатаў ды камісіі ААН? Прыклад, пра які распавядзе нашая карэспандэнтка зь Віцебску Браніслава Станкевіч, сьведчыць, што многае залежыць і асабіста ад чалавека, ягонага імпэту, розуму ды настойлівасьці.
(Браніслава Станкевіч: ) “Пэнсіянэр Уладзімер Шадзенка жыве ў вёсцы Курына Віцебскага раёну. Паводле адукацыі ён майстар па вырабу музычных інструмэнтаў, аднак цяпер займаецца іншым — робіць драўляныя рамкі пад карціны. А яшчэ спадар Шадзенка стала займаецца юрыдычнай самаадукацыяй. Бо на абарону сваіх правоў адпаведнымі інстанцыямі ён кінуў спадзявацца яшчэ ў 1992 годзе, калі ўпершыню наважыўся пратэставаць супраць тагачасных парадкаў у калгасе імя Чапаева, дзе ён пасяліўся, пераехаўшы ў Беларусь з Украіны.
Тады старшыня калгасу вырашыў пакараць “нязручнага” Ўладзімера Шадзенку: звольніць яго нібыта за прагулы, а заадно пазбавіць былога дзетдомаўца адзінага жытла — старой калгаснай хаты.
Бяз выніку пахадзіўшы па судах, спадар Шадзенка наважыўся тады на адчайны крок — выйшаў з паходняю на плошчу Перамогі ў Менску. Гэтая гісторыя трапіла ў газэты, і неўзабаве спадара Шадзенку апраўдалі: звальненьне за прагулы прызналі незаконным ды нават прапанавалі выплаціць грошы за маральныя страты. Аднак Уладзімер Шадзенка грошы браць ня стаў, маўляў, калгас і так ледзьве жывы…
З тае пары жыцьцё яшчэ не аднойчы змушала яго хадзіць па судовых калідорах, але спадар Шадзенка ўзяў за звычку бараніцца ад несправядлівасьці самому, не спадзеючыся ні на суды, ні на адвакатаў.
(Шадзенка: ) “Трэба браць дакумэнты ды самому глядзець, разумееце? Датычыцца нешта зямельнага права — я бяру кодэкс, вывучаю яго ды абараняюся. Датычыць працоўнага кодэксу, я бяру Кодэкс законаў аб працы ды зноў абараняюся. Прыдбаў камэнтар навуковы да Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, каб самому сябе абараніць. Ня тое каб у мяне быў вялікі імпэт да гэтага… Але ж і імпэт ёсьць! Бо калі на цябе насядаюць, трэба бараніцца, іначай жа на калені паставяць!”
Спадар Шадзенка лічыць, што цяпер кожны чалавек у Беларусі ёсьць закладнікам несправядлівасьці. Толькі большасьць людзей трывае або скардзіцца, і толькі адзінкі здольныя да адкрытага пратэсту… Дарэчы, усе афіцыйныя паперы Ўладзімер Шадзенка складае выключна па-беларуску:
(Шадзенка: ) “Ну ня тая гэта ўлада, каб да яе зьвяртацца!Толькі сябе абражаць да яе хадзіць. А як жа я буду змагацца супраць тае ўлады на расейскай мове? Дык яны мяне ўжо ведаюць: “А, гэта тай Шадзенка прыйшоў, які размаўляе на беларускай мове!” Адзін на ўвесь раён да іх прыходзіць ды па-беларуску размаўляе. І яны мяне ўжо ведаюць толькі з-за гэтага”.
Сапраўды, Уладзімера Шадзенку ведаюць у розных інстанцыях. А яшчэ ён мае вялікі аўтарытэт у аднавяскоўцаў, якія пакуль толькі назіраюць за супрацьстаяньнем асобнага чалавека ды ўлады”.
Браніслава Станкевіч распавяла пра чалавека, які толькі на сябе спадзяецца ў справе абароны сваіх правоў. Можна пагадзіцца, што яна прывяла добры прыклад, аднак ён не замінае людзям карыстацца і дапамогай звонку. Бо ў справе барацьбы за грамадзянскія правы чым больш сяброў побач, тым лепш.