Распрацоўшчыкі новага закону не хавалі сваіх мэтаў. Кіраўнік Дзяржкамітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко зазначыў, што гэты закон “улічвае традыцыі Беларусі і накіраваны супраць нэакультаў і дэструктыўных сэктаў”, і што запісаная ў ім вызначальная роля праваслаўя адпавядае Канстытуцыі. Канфэсіі ня могуць быць роўнымі на справе, а новыя веравызнаньні павінныя даказаць сваю ляяльнасьць грамадзтву, — лічыць спадар Буко.
Падчас кароткай дыскусіі ў Савеце Рэспублікі супраць прыняцьця гэтага супярэчлівага закону выступіла толькі рэктар унівэрсытэту культуры Ядвіга Грыгаровіч:
(Грыгаровіч: ) “Ужо зараз, у працэсе абмеркаваньня праект закону выклікае такія буры і схлістаньні. Я прысутнічала на вельмі многіх круглых сталах і бачыла гэтую адмоўную энэргію, адмоўныя адносіны, якія адразу ўзьнікаюць паміж канфэсіямі”.
Гэтыя словы Ядвігі Грыгаровіч знайшлі пацьверджаньне нават у парлямэнцкай залі: старшыня Менскага гарсавету Ўладзімер Папкоўскі настойваў на “вядучай ролі” праваслаўя і “ваяўнічасьці каталіцызму”.
Каб паўплываць на дэпутатаў, прыхільнікі гэтага закону распавялі гісторыі пра тое, як два пратэстанты нібыта пабілі студэнта БДУ за тое, што той адмаўляўся перайсьці ў іхную веру, і як загінуў ад голаду адзін зь вернікаў крышнаітаў.
Прадстаўнікі рэлігійных меншасьцяў і не чакалі, што вынік разгляду законапраекту будзе іншы. Гаворыць рэдактар эвангелічнага часопісу “Благодать” Сяргей Карнюшка:
(Карнюшка: ) “Закон рэзка абмяжуе служэньне эвангельскіх цэркваў, служэньне беларускаму народу і грамадзтву. Па-сутнасьці, дзяржава ўзаконіла перавагі адной рэлігійнай арганізацыі перад іншымі канфэсіямі. На жаль, дзяржава не пачула нашых зваротаў, нашых заяваў”.
На думку Сяргея Карнюшкі, гэты закон моцна паўплывае на эмігранцкія настроі сярод пратэстантаў:
(Карнюшка: ) “Калі раней многія эмігравалі з эканамічных прычынаў, то цяпер будзе іншая прычына: цяперашняя рэлігійная сытуацыя. Па сутнасьці, мае месца дыскрымінацыя па рэлігійных матывах”.
Паводле спадара Карнюшкі, толькі зь менскай пяцідзясятніцкай грамады “Благодать” сёлета зьехалі за мяжу 50 вернікаў — зь сем’ямі гэта больш за 200 чалавек. Колькі ўсяго зьехала і зьбіраецца зьехаць, ніхто не падлічваў, але размова ідзе пра тысячы грамадзянаў, адукаваных і працавітых , якія маглі б прыносіць карысьць Беларусі, — кажа спадар Карнюшка.
Некаторыя пратэстанцкія грамады гатовыя цалкам зьехаць з краіны ў сувязі з прыняцьцем новага закону. Пратэстанты ўпэўненыя, што іх правы дзяржава абмяжоўвае і магчымы нават перасьлед. Гаворыць кіраўнік Саюзу Хрысьціянаў Веры Эвангельскай Сяргей Хоміч:
(Хоміч: ) “Мы выйшлі адтуль, з падпольля. Нам не давалі ў гады савецкай улады праводзіць набажэнствы. Мы праводзілі іх на прыватных кватэрах, нават у лесе. Што ж, некаторыя цэрквы магчыма зноў апынуцца ў такім становішчы”.
Сяргей Хоміч зазначае, што малыя грамады будуць фармальна закрытыя, але служэньне пратэстантаў і іх місіянэрская дзейнасьць ня спыняцца. Калі ўжо савецкаму рэжыму не ўдалося зьнішчыць пратэстантаў, то цяперашняму тым больш гэта не пад сілу, кажа спадар Хоміч.
(Хоміч: ) “Раней краіна была пабудаваная на ідэалёгіі камуністычнай партыі, цяпер спрабуюць праціснуць ідэалёгію праваслаўнай царквы. І я лічу, што ў гэтым трагедыя праваслаўнай царквы”.
Лідэр Саюзу пяцідзясятнікаў Сяргей Хоміч не выключае, што празь нейкі час палітычная сытуацыя ў краіне яшчэ пагоршыцца, і тады магчыма, што сярод пратэстантаў будуць шукаць ворагаў. Таму некаторыя зь іх ужо цяпер лічаць за лепшае эміграваць у ЗША да адзінаверцаў.