Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЯЛЬНАГА ПЭДАГОГА ЗВОЛЬНІЛІ ЗА ПУБЛІКАЦЫЮ Ў ГАЗЭЦЕ “НАРОДНАЯ ВОЛЯ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Сьвятлана Кірэйчык амаль дзесяцігодзьдзе вядзе барацьбу зь мясцовай уладай за паляпшэньне сваіх жыльлёвых умоваў. Разам з двума сынамі яна жыве ў маленькім пакоі інтэрната. Жанчына зьвярталася да чыноўнікаў усіх узроўняў, але безвынікова.

(Кірэйчык: ) “Перада мной была пабудаваная сьцяна — вялікая, непрабіваная, цагляная сьцяна. Бі хоць галавой, хоць ілбом, чым заўгодна, але не праб’еш”.

Пра свае пакуты і нежаданьне чыноўнікаў дапамагчы Сьвятлана Кірэйчык вырашыла паведаміць грамадзкасьці, але ў мясцовай газэце адмовіліся надрукаваць яе ліст, бо ў ім былі згаданыя вядомыя прозьвішчы кіраўнікоў раёну і гораду.

(Кірэйчык: ) “Я зразумела, што ня ў тыя дзверы грукаюся”.

Сьвятлана зьвярнулася ў “Народную Волю”. Яе ліст быў надрукаваны 24 жніўня, а днямі яна атрымала паштовае паведамленьне, што 12 верасьня звольненая з працы. Нібыта з прычыны прагулу, але Сьвятлана Кірэйчык ня мае сумневу наконт сапраўднай нагоды яе звальненьня.

(Кірэйчык: ) “Тут ясна, за што мяне звольнілі — за мой артыкул у газэце”.

Калегі-настаўніцы пасьля публікацыі ў “Народнай Волі” папярэджвалі Сьвятлану, што начальства будзе перасьледаваць і “ставіць пасткі”. Так яно і здарылася.

Яшчэ год таму Сьвятлана Кірэйчык дасылала тэлеграму аб чыноўніцкім свавольстве Аляксандру Лукашэнку, пра што цяпер, паводле яе цьверджаньня, згадваць сорамна. “Добры барын”, — гаворыць Сьвятлана, — не прыехаў і не дапамог”.

Цяпер жанчына будзе шукаць праўду і справядлівасьць з дапамогай магілёўскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага камітэту ў судзе і пракуратуры.
XS
SM
MD
LG