Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАВААБАРОНЦЫ І ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ ПРЫСУД ВІКТАРУ ІВАШКЕВІЧУ


Валер Каліноўскі, Менск

Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі назваў прысуд Івашкевічу суровым пакараньнем з адной мэтай — запалохаць незалежных журналістаў:

(Бяляцкі: ) “Гэта абуральны і неапраўдана жорсткі прысуд. У параўнаньні з судом над Маркевічам і Мажэйкам, дзе абгрунтоўвалі прысуд тым, што хаця б друкары прачыталі тую газэту перад тым, як яе канфіскавалі, тут жа газэты ўвогуле не было, ніхто яе не чытаў, былі толькі друкарскія пласьціны, што былі канфіскаваныя. Гэта назвалі “замахам на злачынства”. І за гэты замах — фактычная ізаляцыя на два гады, гэта канкрэтная ізаляцыя, якая не дазволіць яму займацца прафэсійнай дзейнасьцю. Зразумела, што ён будзе сасланы за межы Менску, што ён будзе пазбаўлены магчымасьці займацца журналісцкай, рэдактарскай працай”.

Спадар Бяляцкі ўпэўнены, што гэты і падобныя прысуды зьвязаныя зь нядаўняй размовай А.Лукашэнкі з генэральным пракурорам В.Шэйманам, падчас якой быў дадзены загад бараніць ад журналістаў гонар і годнасьць найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў:

(Бяляцкі: ) “Яны гэта вельмі літаральна ўспрынялі, і таму гэтыя прысуды цалкам кладуцца ў канцэпцыю абароны прэзыдэнта ад усялякіх, як яны лічаць, памкненьняў прынізіць ягоную годнасьць ці яго самога”.

Лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка ўпэўнены, што падобныя прысуды набліжаюць краіну да становішча Паўночнай Карэі:

(Вячорка: ) “Становішча ў Беларусі, на паляпшэньне якога так спадзяваліся нашыя заходнія калегі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, ці некаторыя аналітыкі пасьля пуцінска-лукашэнкаўскіх канфліктаў, не палепшылася, сытуацыя застаецца ранейшай. З тупой настойлівасьцю рэпрэсіўная машына працягвае штампаваць прысуды ўсім, хто гэтую машыну спрабуе — ну, калі не разбурыць, то хоць павярнуць у бок нармальнасьці, у бок дэмакратызацыі”.

Кіраўнік Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў мяркуе, што сёньняшні жорсткі прысуд Івашкевічу сапраўды будзе мець для грамадзтва і недзяржаўных журналістаў нэгатыўныя наступствы ў выглядзе самацэнзуры.

(Пастухоў: ) “Фактычна беспадстаўна ўлады асуджаюць журналістаў, якія пішуць тое, што яны мяркуюць. Відавочна, што працэс насіў палітычны характар, што ўлада расправілася з чарговым пэрыядычным выданнем, якое давала крытычныя адзнакі дзейнасьці ўлады. Я думаю, што можа быць пакуль будзе нейкая паўза, паколькі на гарызонце няма такіх выданьняў, якія трэба неадкладна пакараць. Але трэба ўлічваць, што ў адносінах да самай буйной нашай незалежнай газэты “Народная Воля” ўжо ўзбуджаныя дзьве справы, якія пакуль ляжаць і чакаюць свайго часу”.

Прадстаўніца “Хартыі-97” Людміла Гразнова абураецца закрытым разглядам справы Івашкевіча ў судзе:

(Гразнова: ) “Гэта адпавядае кірунку той палітыкі, якая вядзецца ўладамі: каб людзі ня ведалі аб гэтым працэсе, каб усё было ціха-шыта-крыта. Але больш мяне непакоіць іншы факт: ідзе вельмі грунтоўная праца па запалохваньні журналістаў і палітыкаў, каб усе тут замаўчалі, закрылі раты, не змагаліся... Нядаўна вось зьбілі Аляксея Караля... Зьбіваюць палітыкаў, садзяць журналістаў і мяркуюць, што 20–30 чалавек будуць зьбітыя ці пасаджаныя, і ўсё тут будзе ціха”.

Людміла Гразнова зазначае, што найперш улады перасьледуюць нацыянальна-патрыятычныя сілы, якія здольныя абараніць незалежнасьць краіны, зьберагчы яе ад інкарпарацыі ў склад Расеі.
XS
SM
MD
LG