Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАКУРОР ЗАПАТРАБАВАЎ ТРЫ ГАДЫ АБМЕЖАВАНЬНЯ ВОЛІ ВІКТАРУ ІВАШКЕВІЧУ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Першамайскім судзе Менску працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць Віктара Івашкевіча. У першай палове дня адбыліся судовыя спрэчкі. Прадстаўнік пракуратуры абвінаваціў рэдактара газэты “Рабочы” ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы і папрасіў суд пакараць Віктара Івашкевіча абмежаваньнем волі на тры гады.

Адвакат Тацяна Станкевіч у сваёй прамове папрасіла суд апраўдаць яе падабароннага. Нагадаем, што журналісты газэты “Пагоня” Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч ужо пакараныя паводле аналягічнага артыкула і адбываюць пакараньне ў Жлобіне і Асіповічах.

Віктар Івашкевіч так пракамэнтаваў Радыё Свабода прамову абвінаваўцы:

(Івашкевіч: ) “Cёньня прадстаўнік пракуратуры не прачытаў сваю прамову, а папросту “адтарабаніў” яе без усялякага гуку, эмоцыяў. Ён абсалютна не імкнуўся ў чымсьці пераканаць судзьдзю. У мяне такое ўражаньне, што прысуд ужо вядомы. Пракурор папрасіў тры гады абмежаваньня волі. Паводле закону аб амністыі, адзін год будзе скасаваны. Гэта жалезна. Ну, магчыма, судзьдзя крыху зьменшыць тэрмін, дасьць паўтара году. Ну, як і Міколу Маркевічу.

Калі Вярхоўны суд зробіць папраўкі на зьмякчэньне прысуду Маркевічу, то й дублем атрымаю я тое самае. Калі ў моц уступіць закон аб тым, што Інтэрнэт-сайты зьяўляюцца сродкам масавай інфармацыі, тады будзе новы суд, дзе мяне прызнаюць невінаватым. Будзе гэта ў кастрычніку ці ў лістападзе — тады й будзе маё апраўданьне”.

Падчас сьледзтва Віктар Івашкевіч спасылаўся на тое, што артыкул быў напісаны на падставе матэрыялаў, зьмешчаных на розных сайтах. Таму ў выпадку, калі заканадаўча будзе прызнана, што Інтэрнэт ёсьць сродкам масавай інфармацыі, зь Івашкевіча могуць быць зьнятыя ўсе абвінавачаньні.

Судзьдзя Ўладзімер Кобышаў абвесьціў перапынак, каб даць магчымасьць Віктару Івашкевічу падрыхтавацца да “апошняга слова”.

(Івашкевіч: ) “Я лічу сябе невінаватым. Мне самому было цікава чытаць матэрыялы справы. Высьвятляецца, што і КГБ, і МУС, і адміністрацыя прэзыдэнта ня могуць сказаць — хлусіў я, альбо казаў праўду. Калі пракуратура рэспубліканская паведамляе, што зьнішчыла ўсе матэрыялы па фонду Эсэмбаева, “Торгэкспо” і іншых фірмаў, якія ўзгадваліся ў маім артыкуле, калі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі заяўляюць, што іх падставілі — гэта ілюструе тое, што, з аднаго боку, у нас рэпрэсіўная сыстэма кіраваньня, з другога — да якой ступені халуямі зьяўляюцца супрацоўнікі дзяржаўных органаў”.

Пасьля выступу Віктара Івашкевіча судзьдзя абвесьціў, што сыходзіць у дарадчы пакой выносіць прысуд. Заўтра стане вядома, як будзе пакараны за крытыку Аляксандра Лукашэнкі яшчэ адзін незалежны журналіст.
XS
SM
MD
LG