Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД У СПРАВЕ КІРАЎНІКА РУХУ “ГАРАДЗЕНСКІ ВЫБАР” ЗЬМІТРА ІВАНОЎСКАГА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Справу Зьмітра Іваноўскага пачалі разглядаць адразу па гарачых сьлядох — 10 ліпеня. Але судзьдзя накіраваў пратакол назад у міліцыю – як непрафэсійна складзены. Абвінавачваюць сп-ра Іваноўскага ў паўторным на працягу году ўдзеле ў несанкцыяванай акцыі.

Сёньня Зьміцер Іваноўскі патлумачыў у судзе, што хацеў дапамагчы міліцыі ў пошуках зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Стаяў зь ягоным партрэтам у руках на пешаходнай вуліцы. Нікому не перашкаджаў, ніякіх патрабаваньняў не вылучаў.

Судзьдзя Дземчанка задаў яму такія пытаньні — ці ён зарэгістраваны як пазаштатны супрацоўнік міліцыі? Ці гэта дапамога — трымаць моўчкі партрэт? Ці прыцягваў ён увагу мінакоў?

Затым запрасілі сьведкаў з боку міліцыі, і высьветлілася, што выкліканы тэлеапэратар не здымаў ланцуг неабыякавых людзей, бо быў у адпачынку. Затрыманых даставілі ў міліцыю дзьве патрульныя машыны. Але прадстаўнік Ленінскага райаддзелу міліцыі ня змог адказаць, якая была другая машына і хто быў у ёй. Судзьдзя Дземчанка сказаў яму: вы ня можаце ня толькі Завадзкага знайсьці, а нават сваіх супрацоўнікаў.

Працяг судовага паседжаньня адбудзецца заўтра.
XS
SM
MD
LG