Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНДУІСТАЎ СУДЗЯЦЬ У МЕНСКУ


Любоў Лунёва, Менск

Індуістаў суполкі “Шава-Шакта” абвінавачваюць у несанкцыяваных пікетах і шэсьці. У суботу спачатку ля рэстарацыі “Макдональдз”, а потым на Кастрычніцкім пляцы яны ладзілі пікет пад лёзунгамі: “Не – дзяржаўна-праваслаўнаму тэрору!” і “Свабоду рэлігійным мяншыням!” Амонаўцы затрымалі больш як дзесяць індуістаў і адвезьлі ў Цэнтральны раённы аддзел міліцыі. Сёньня вернікі самі прыйшлі ў міліцыю, каб іх адвезьлі ў суд.

Гэта ўжо ня першае затрыманьне індуістаў. Месяц таму іх затрымалі за шэсьце па вуліцы Матусевіча. У той дзень 13 ліпеня індуісты йшлі ў парк “Імя 60-годзьдзя БССР”, каб правесьці мэдытацыю зь вернікамі іншых індуісцкіх суполак. Іх два дні да суду трымалі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна, а потым суд пакараў іх штрафамі на 200 тысячаў рублёў.

Паводле Адміністрацыйнага кодэксу гэтым разам іх чакае больш жорсткае пакараньне. Вернікі рыхтаваліся да найгоршага, але судзьдзя Тацяна Паўлючук накіравала ўсе пратаколы зноў у міліцыю. У судзе высьветлілася, што міліцыянты ніводнага пратаколу не аформілі правільна.

Гаворыць адна з затрыманых Марыя Вяткіна:

(Вяткіна: ) “Мы як законапаслухмяныя грамадзяне прыйшлі а 10-й гадзіне раніцы ў міліцыю. Адтуль нас прывезьлі ў суд Цэнтральнага раёну і пратрымалі тры гадзіны”.

Муж Марыі Вяткінай Аляксей – інвалід па зроку. Яго таксама затрымалі і палохалі судом у Цэнтральным раённым аддзеле міліцыі.

(Вяткіна: ) “Здарылася ж такое, што міліцыянты памылкова склалі пратаколы. Нашыя справы перанесьлі кожнаму на свой час. Я ніколі ня думала, што міліцыянты ня ведаюць сваіх абавязкаў. Мне гэта вельмі дзіўна”.

(Вяткін: ) “Нас прывялі ў актавую залю. Міліцыянты селі на сцэне, а мы, як гледачы, у залі. Міліцыянт Вераб’ёў пачаў глядзець сьпіс на затрыманых. Потым пытаецца: “А дзе тут у вас сьляпы?” І кажа мне: “Ага, зноў папаўся. Мінулы раз я цябе пашкадаваў, а цяпер “закатаю” ў вязьніцу”. Міліцыянты і сапраўды пачалі пісаць на мяне пратакол, але потым сказалі: “Ідзі адсюль”. Ведаеце, вельмі зьневажаюць годнасьць. Асабліва непрыемна, калі здымалі на відэа. Ставілі то анфас, то ў профіль... Я веру ў Бога і не лічу сябе якім-небудзь злачынцам. Гэта не нагода, каб мяне называць злачынцам, фатаграфаваць... Гэта супярэчыць Канстытуцыі і свабодзе”.

Пасьля першага затрыманьня ў Менск адмыслова дзеля ўдзелу ў пікеце прыехала Натальля Салаўёва, намесьніца патрыярха гэтае царквы ў краінах СНД. Яе затрымалі разам з адзінаверцамі…

(Салаўёва: ) “Я прыехала пры канцы ліпеня. Мэтаю майго прыезду ёсьць правядзеньне гэтай акцыі. Мы пікетавалі беларускае заканадаўства. Гэта адзіная форма пратэсту супраць палітыкі дзяржавы, скіраванай на падтрымку манаполіі праваслаўя. Мы лічым, што толькі такім чынам можна прыцягнуць увагу грамадзкасьці да нашай праблемы. Справа ў тым, што існуе і ідэалягічная, і інфармацыйная дыктатура ў гэтай дзяржаве”.

Цягам тыдня індуістаў будуць выклікаць у міліцыю, а потым у суд, каб нарэшце пакараць арыштамі і штрафамі за рэлігійныя перакананьні.
XS
SM
MD
LG