Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУПА ЖАНЧЫН З МАГІЛЁВА ПЛЯНУЕ Ў МЕНСКУ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ


Галіна Абакунчык, Менск

У кожнай з шасьці жанчын свая гісторыя супрацьстаяньня мясцовым уладам: гэта і беспасьпяховыя спробы вырашыць жыльлёвыя праблемы, дамагчыся правоў чарнобыльцаў і нават працаўладкавацца. Калі шматгадовыя хаджэньні па чыноўніцкіх кабінэтах не далі плёну, яны аб'ядналіся, каб надалей шукаць справядлівасьці разам. Гаворыць Ларыса Шукайла:

(Шукайла: ) "Мы зьвярталіся і ў суды, і ў раённыя адміністрацыі, і нават у прафсаюзныя арганізацыі — усе эшалёны ўлады прайшлі, якія ёсьць на месцы. Але ніякіх вынікаў няма, бо таталітарны рэжым, які цяпер існуе ў краіне й дае такі вынік. Таму мы вымушаныя былі прыехаць сюды шэсьць чалавек, але нас шмат болей, якія маюць падобныя праблемы — і ня толькі ў Магілёве, але і ў раёне. Нашае выйсьце — аб'ядноўвацца і прымаць больш рашучыя дзеяньні".

У Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, куды яны зьвярнуліся па дапамогу, сьцьвярджаюць, што ў рэгіёнах людзі асабліва церпяць ад чыноўніцкага валюнтарызму, а таму спрабуюць шукаць праўды ў сталіцы. Гаворыць лідэр арганізацыі Марыя Аліева:

(Аліева: ) "Колькі б яны ні зьвярталіся да мясцовых уладаў — заканчваецца нічым. Яны вымушаныя шукаць праўды ў сталіцы — і б'юцца як гарох аб сьцену і ў гэтай самай сталіцы. Таму яны вымушаныя зьвяртацца да такіх жа грамадзкіх жаночых арганізацыяў, як мы".

Група жанчын з Магілёва вырашыла ўзяць прыклад з бабруйскіх жанчын, якія наладзілі пікет каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, і таксама намерваюцца правесьці ў Менску акцыю пратэсту.


XS
SM
MD
LG