На пляцоўцы перад брамай спэцпрыёмніка сустракаць Паўла Севярынца сабраліся каля трох дзясяткаў сяброў Маладога Фронту. На Акрэсьціна прыехалі таксама Вінцук Вячорка і Вячаслаў Сіўчык. Прыблізна а першай гадзіне дня адчыніліся дзьверы.
(Севярынец: ) "Згарэў суд Цэнтральнага раёну?! Дарэчы, што зь Цімафеем? Ён у шпіталі? Ён цяпер не прыкаваны кайданкамі? У мяне баявы настрой. Хаця, канечне, сядзець было цяжкавата, бо душна. Людзей больш, чым трэба. У камэры, разьлічанай на шэсьць чалавек, сядзелі дзевяць.
Зрэшты, усё нармалёва. Больш размаўляў зь людзьмі. Пісаў кнігу пра нашае пакаленьне моладзі, якую я разьлічваю прэзэнтаваць 6 верасьня на пяцігадовы юбілей Маладога Фронту. Вельмі ўдзячны сябрам, якія падтрымлівалі і перадавалі перадачы. Абыходзіліся нармалёва. Там усе ведаюць і нават пабойваюцца. "Палітычных" там вельмі паважаюць. Кажуць: "Павал Канстанцінавіч, калі ж вы там ужо справіцеся?" Так акуратненька запытваліся. Ну, а я ім: "Усё залежыць ад нас з вамі. Рана ці позна, але абавязкова справімся. Давайце разам".
Лідэр Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка паведаміў Радыё Свабода:
(Вячорка: ) "Шчыра кажучы, я думаў, што рэшткі мазгоў ва ўлады ўсё ж ёсьць. Таму што й акцыя, за якую -пакаралі Паўла, была прысьвечаная свабодзе прэсы. Яна адбывалася ў дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту Беларусі і была прысьвечаная свабодзе Беларусі і свабодзе прэсы. Уласна кажучы, ніякіх парушэньняў людзі, якія ладзілі акцыю, не рабілі. Увогуле, гэтая чарада пасадак і справаў...
Я скажу пра фронтаўцаў. Хадыка, Івашкевіч, а цяпер чарговы раз Севярынец — гэта чарговы раз паказвае, што ўсе наіўныя спадзяваньні, што пасьля 9 верасьня, пасьля трыўмфальнай перамогі Лукашэнка будзе рабіць нейкія жэсты ў кірунку дэмакратычных сілаў, незалежніцкіх сілаў — усё гэта пустыя ілюзіі. Ніякіх паслабленьняў ня будзе, ніякім незалежнікам Лукашэнка ня будзе, нават пры зьмяненьні пуцінскага стаўленьня да яго. Усё будзе працягвацца, а значыць працягваецца наша барацьба".
З чатырох палітвязьняў у вязьніцах засталіся двое — Валеры Шчукін у Бераставіцкім ізалятары часовага ўтрыманьня і Леанід Малахаў у менскім спэцпрыёмніке на вуліцы Акрэсьціна. Цімафей Дранчук знаходзіцца ў аддзяленьні кардыялёгіі трэцяга шпіталю.
У прадпрымальніка Леаніда Малахава сёньня дзень народзінаў. Ягоныя паплечнікі і сябры моладзевага руху "Зубр" зьбіраюцца а 18 гадзіне ля плоту спэцпрыёмніка, каб такім чынам павіншаваць і падтрымаць свайго сябра.
Заўтра ў яго скончыцца тэрмін пакараньня і ён выйдзе на волю.