Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА НАВАПОЛАЦКІМ ЗАВОДЗЕ ДАМАГЛІСЯ СВОЕЧАСОВЫХ ВЫПЛАТАЎ ЗАРОБКАЎ


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Затрымкі з выплатай зарплаты на заводзе «Вымяральнік» мелі хранічны характар і сягалі трох, а то й чатырох месяцаў. У такой сытуацыі 15 траўня сёлета заводскі прафкам зьвярнуўся дзеля вырашэньня працоўнай спрэчкі паміж адміністрацыяй і прафсаюзам у плане выплаты зарплаты ў Рэспубліканскі працоўны арбітраж.

Арбітраж ініцыяваў з гэтай нагоды правядзеньне комплекснай вытворча-гаспадарчай экспэртызы прадпрыемства, потым доўга кансультаваўся з адміністрацыяй і, нарэшце, 9 ліпеня вынес вэрдыкт, паводле якога адміністрацыя мусіла пагасіць запазычанасьць па заробках за сакавік. Прафсаюз такім дзіўным рашэньнем застаўся незадаволены і 15 ліпеня падаў у арбітраж новую заяву, у якой патрабаваў цалкавітага пагашэньня запазычанасьці і своечасовай выплаты заробкаў.

Невядома – што паўзьдзейнічала на арбітраж, але гэтым разам ён апэратыўна разабраўся ў сытуацыі і вынес рашэньне, якое абавязвае наймальніка выплачваць зарплату ў тэрмін, а таксама ліквідаваць да 30 кастрычніка запазычанасьць па выплаце заробкаў за травень і наступныя месяцы. Пры гэтым пагашэньне запазычанасьці мусіць адбывацца згодна графіку, які да 8 жніўня павінен быць пададзены ў арбітраж.

Хаця дадзенае рашэньне і зьяўляецца абавязковым для падпісантаў калектыўнай дамовы, казаць пра яго безумоўнае выкананьне, з прычыны фінансава-эканамічнага заняпаду прадпрыемства, не даводзіцца.
XS
SM
MD
LG