Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЯК АДСТАЯЦЬ ПРАВА НА МІТЫНГ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адным з экспэртаў у праблеме ёсьць вядомы актывіст БНФ Вячаслаў Сіўчык.

(Сіўчык: ) “Чыноўнікі могуць быць розныя, але гэтае пытаньне, якое імі не вырашаецца. Я практычна ўсіх ведаю, хто прымае і падпісвае рашэньні гарвыканкаму наконт мітынгаў, дэманстрацыяў і пікетаў, і паверце мне, калі б ад іх хоць нешта залежала, то задавальнялася б 90% патрабаваньняў апазыцыі адносна вулічных акцыяў”.

Гэтак лічыць вядомы актывіт БНФ Вячаслаў Сіўчык, на рахунку якога арганізацыя дзясяткаў вулічных акцыяў. Асабіста для Сіўчыка гэтыя акцыі часьцей за ўсё заканчваліся арыштамі й шматдзённымі адседкамі ў пастарунку, бо арганізатараў каралі й караюць за іх бязьлітасна. Што ж уплывае на рашэньне мясцовых уладаў адносна акцыі, калі не закон?

Вячаслаў Сіўчык перакананы, што галоўным фактарам ёсьць нават не загад начальства, а палітычнае становішча ў дадзены момант, у якім чыноўнікі выдатна арыентуюцца. Што да магчымасьці абскарджваць гэтыя незаконныя рашэньні праз суд, то Сіўчык лічыць такія спробы марнымі, бо судзьдзі, паводле яго, ня менш залежныя за чыноўнікаў. Толькі ці няма правілаў без выключэньняў?

Наш берасьцейскі карэспандэнт Алег Супрунюк паведамляе пра факт, які супярэчыць высновам Вячаслава Сіўчыка:

“(Супрунюк: ) “Другi год запар берасьцейскiя сацыял-дэмакраты выйграюць судовыя справы супраць чыноўнiкаў мясцовага гарвыканкаму, якiя забараняюць правядзеньне масавых акцыяў. Гэтак, нядаўна суд Ленiнскага раёну Берасьця задаволiў пазоў старшынi гарадзкой арганiзацыi Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi “Народная грамада” да аднаго з чыноўнiкаў мясцовай вэртыкалi.

Сёлета ў сакавiку намесьнiк старшынi гарвыканкаму Мiхаiл Куiш адмовiў сацыял-дэмакратам ў правядзеньнi мiтынгу на стадыёне “Будаўнiк” у падтрымку прафсаюзаў. Спадар Куiш спаслаўся на тое, што прафсаюзы ладзяць у гэты дзень на стадыёне сваю акцыю, а спартовае збудаваньне ня здолее прыняць заяўленую колькасьць удзельнiкаў мiтынгу сацыял-дэмакратаў.

Суд прызнаў неправамоцнымi дзеяньнi намесьнiка старшынi гарвыканкаму i абавязаў яго сплацiць на карысьць кiраўнiка мясцовай фiлii БСДП “Народная грамада” Георгiя Руцкага судовыя выдаткi. Вось як камэнтуе судовае рашэньне сам спадар Руцкi:

(Руцкi: ) “У маiм разуменьнi, ёсьць Канстытуцыя — i згодна з гэтай Канстытуцыяй мы павiнныя жыць. I калi нехта з улады, цi сьвядома, цi несьвядома (мы ня можам такi аналiз зрабiць) парушае асноўны закон, мы маем права знаходзiць нейкiя каналы i праз суд дамагацца, каб закон дзейнiчаў. Асноўная задача — как закон дзейнiчаў. Акрамя таго, мы будзем прапанаваць уладам круглы стол, каб такiх непаразуменьняў было менш”.

Варта нагадаць, што летась берасьцейскiя сацыял-дэмакраты таксама выйгралi судовы працэс супраць гарвыканкаму, якi забаранiў iм правесьцi першатравеньскi мiтынг i шэсьце.

Але нельга казаць, што берасьцейскiя ўлады зьмянiлi сваё стаўленьне да правядзеньня масавых акцыяў апазыцыйнымi партыямi ды грамадзкiмi аб’яднаньнямi. Як шчыра прызнаўся падчас судовага паседжаньня Мiхаiл Куiш, гарвыканкам “дзейнiчае ў рамках жорсткай адмiнiстрацыйнай вэртыкалi, а ўсю iнфармацыю што тычыцца такiх выпадкаў, атрымлiвае па тэлефоне з аблвыканкаму”. На працягу мiнулага году шэраг арганiзацыяў i прыватных асобаў атрымалi адмову ад уладаў на правядзеньне мiтынгаў i пiкетаў нават у вызначаных уладамi месцах на ўскрайку Берасьця. Што да несанкцыянаваных акцыяў у цэнтры гораду, дык амаль усе яны закончылiся затрыманьнямi”.


Факт, пра які распавёў Алег Супрунюк зь Берасьця, я папрасіў пракамэнтаваць былога судзьдзю, а цяпер праваабаронцу Гары Паганяйлу зь Беларускага Гельсынскага камітэту. Ён не аднес перамогу берасьцейскіх сацыял-дэмакратаў да выключэньня з агульнага правіла. Паводле Гары Паганяйлы, падобных перамогаў над свавольствам чыноўнікаў нямала.

Больш шанцаў перамагчы, паводле праваабаронцы, у арганізацыі са станоўчым іміджам ды ў выпадку, калі палітычныя дзеяньні падмацаваныя юрыдычнай пісьменнасьцю.

(Паганяйла: ) “Мы, прыкладам, паставілі на ўлік усе нашыя структуры, а я ведаю, што і некаторым прафсаюзам, і шмат якім палітычным партыям зрабіць гэта не ўдаецца. Ім робяць розныя перашкоды. І зразумела чаму, але на месцах магчыма дамаўляцца з уладамі, калі праявіць дыпляматычныя якасьці”, — лічыць Гары Паганяйла.

Аднак прадстаўнік БНФ Вячаслаў Сіўчык на гэта заўважае, што ў сталіцы краіны становішча цалкам іншае. Маўляў, улады зыходзяць з таго, што менавіта забурэньні ў сталіцы могуць рэальна пагражаць стабільнасьці існага рэжыму і таму будуць і надалей нахабна парушаць правы людзей на дэманстрацыі пратэсту. На думку прадстаўніка БНФ, становішча можа зьмяніцца толькі пад ціскам вялікай колькасьці людзей.

Нагадаю, што на гэтым тыдні адбылася істотная падзея ў змаганьні за тое, каб стаў вядомы лёс зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Сваякі зьніклых сустрэліся ў Маскве з кіраўнікамі чатырох фракцыяў Дзяржаўнай Думы Расеі і дамовіліся пра ініцыяваньне у расейскім парлямэнце слуханьняў праблемы правоў чалавека ў Беларусі. Таксама расейскія парлямэнтары паабяцалі даслаць адмысловую заяву аб зьніклых беларускіх апазыцыянэрах Уладзімеру Пуціну.
XS
SM
MD
LG