Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЕЦЦА СУД НАД “ПАГОНЯЙ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Паседжаньне было прызначанае на 10 гадзінаў. Дзьверы суду адчыніліся а 9-й гадзіне, але ў судовай залі ўжо моўчкі сядзелі 15 дзябёлых мужчынаў, пераважна з голенымі галовамі. Суд ахоўвалі амонаўцы. Большасьці журналістаў праўдамі й няпраўдамі ўдалося трапіць на паседжаньне. Усім астатнім ахвотным давялося чакаць на вуліцы.

На пытаньне Міколы Маркевіча судзьдзя Тацяна Клімава адказала, што ня ведае, хто заняў палову залі, і што яе гэта ўвогуле не цікавіць. Шукаць большую залю яна адмовілася. Падсудныя пажадалі мець грамадзкіх абаронцаў, сярод іх — вядомых юрыстаў Міхаіла Пастухова і Гары Паганяйлу. Судзьдзя не дазволіла.

Тады Павал Мажэйка заявіў адвод судзьдзі. Аднак Тацяна Клімава не задаволіла і гэтае хадайніцтва. Мікола Маркевіч назваў сёньняшні суд “адкрытым працэсам пры зачыненых дзьвярах”. А ягоны адвакат Сяргей Цурко —“фарсам”.

Гаворыць Сяргей Цурко:

(Цурко: ) “Такім чынам, я мяркую, што суд зацікаўлены ў абвінаваўчым фінале. Чаму я так мяркую? Просты адказ: чаго суду хавацца? Чаму б суду не задаволіць хадайніцтва і не дапусьціць прадстаўнікоў? Чаму б суду не задаволіць хадайніцтва і перанесьці судовае паседжаньне ў іншае памяшканьне? Дзе б маглі і журналісты, калегі Маркевіча працаваць. Бо на сёньняшні дзень ня ўсе журналісты, якія жадалі зайсьці ў залю судовага паседжаньня, там апынуліся”.

6 чэрвеня а 10-й раніцы судовы разгляд працягнецца.
XS
SM
MD
LG