Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКАЯ МІЛІЦЫЯ АДМОВІЛАСЯ БАРАНІЦЬ “ЗУБРОЎЦАЎ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Чацьвёра сяброў “Сёмае грані” ўчора а пятай вечара нечакана сталіся аб’ектам увагі кампаніі нецьвярозых маладых людзей, якія ад вымагальніцтва цыгарэтаў ды грошай хутка перайшлі да бойкі.

Распавядае ўдзельніца ўчорашніх падзеяў, кіраўніца “Сёмае грані” ды актывістка “зуброўскіх” акцыяў Вольга Карач:

(Карач: ) “Нас пачалі зьбіваць. Адзін з хлопцаў ударыў Алеся Майбараду ў твар, у выніку сёньня Алесь нічога ня можа есьці, твар ягоны распух ды жахліва выглядае… А я напісала заяву ў пастарунак, і разам з супрацоўнікамі міліцыі мы затрымалі хлопца, які спрабаваў ударыць мяне. Усё ішло добра, мы афармлялі розныя паперы — тлумачэньні, пратаколы, гэтак далей — пакуль адзін супрацоўнік міліцыі не пазнаў мяне ў твар і не сказаў, што я — сябар БНФ, сябар “Зубра” ды ўвогуле вялікая апазыцыянэрка.

Адразу ж стаўленьне да нас радыкальна зьмянілася: старшы лейтэнант Падойма адмовіўся ехаць на месца злачынства, адмовіўся рабіць мэдычную экспэртызу нашага стану ды яшчэ пачаў гаварыць, што гэта мы былі п’яныя ды самі кінуліся біцца да пятнаццаці п’яных падлеткаў. Потым адмовіўся рабіць экспэртызу і затрыманаму, які відавочна знаходзіўся ў нецьвярозым стане”.

Сутыкнуўшыся з такім стаўленьнем міліцыянтаў, Вольга Карач сёньня зьвярнулася са скаргамі да начальніка Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі ды ў раённую пракуратуру. Пры гэтым спадарыня Карач зазначыла:

(Карач: ) “На жаль, апынуўшыся ў такой сытуацыі, я не пачуваюся бясьпечна, нават проста ходзячы па вуліцы. І я зразумела, што калі простаму грамадзяніну нялёгка абараніць свае правы ў міліцыі або ў судзе, то чалавеку, які займаецца актыўна палітычнай ці грамадзкай дзейнасьцю, наагул трапляць у такія сытуацыі нельга — ён у любым выпадку будзе вінаваты”.

Вольга Карач паведаміла таксама, што сёньня ў Кастрычніцкім райаддзеле Віцебску адмовіліся завесьці крымінальную справу на ейных крыўдзіцеляў. Аднак на адміністрацыйным разьбіральніцтве з хуліганамі — а некаторыя зь іх, як высьветлілася, ужо даўно знаходзяцца на міліцэйскім уліку — спадарыня Вольга вырашыла настойваць цьвёрда.
XS
SM
MD
LG