Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІТЭТ ПАРЭ ПА ЮРЫДЫЧНЫХ ПЫТАНЬНЯХ І ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ЗАПРАПАНУЕ СТВАРЫЦЬ КАМІСІЮ ДЛЯ РАСЬСЛЕДАВАНЬНЯ ЗЬНІКНЕНЬНЯЎ ЛЮДЗЕЙ У БЕЛАРУСІ


Алена Радкевіч, Прага

(Лябедзька: ) “Слуханьні прайшлі, і паводле водгукаў ня толькі прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі, але і парлямэнтараў з розных краінаў, яны прайшлі плённа. Галоўны вынік: камітэт будзе рыхтаваць справаздачу і прапанаваць прэзыдэнту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы зрабіць захады для стварэньня камісіі з удзелам незалежных экспэртаў у справе расьследаваньня усіх гучных беларускіх справаў.

Па-другое, 10 – 12 чэрвеня гэтага году ў Менск прыедзе прадстаўнічая дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, і яны будуць прапанаваць беларускаму боку, каб аналягічныя слуханьні прайшлі ў Менску з удзелам прадстаўнікоў уладных структураў, родных і блізкіх ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Мы задаволеныя такімі вынікамі. У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Італіі, і ўсе былі вельмі занепакоеныя сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі. Я думаю, што нам праз гэтыя слуханьні ўдалося прыцягнуць увагу аднаго зь вядучых камітэтаў да праблемы зьніклых палітыкаў і журналіста Завадзкага ў Беларусі.

(Карэспандэнтка: ) “Ці былі прэцэдэнты стварэньня такіх міжнародных камісіяў для расьсьледаваньня справаў зьніклых?”

(Лябедзька: ) “Ёсьць прэцэдэнт ува Ўкраіне. Увосень мінулага году была прынятая спэцыяльная рэзалюцыя, якая ўтрымвала рэкамэндацыю Кіеву пайсьці на стварэньне такой камісіі. Кучма і ўрад Украіны змушаныя былі з гэтым пагадзіцца. Было палітычнае жаданьне Кіева пайсьці на стварэньне такой камісіі.

Таму ёсьць пазытыўны прэцэдэнт у справе Гангадзэ, і я думаю, што мы можам рухацца ў гэтым рэчышчы”.

(Карэспандэнтка: ) “Сп. Лябедзька, як вы самі ацэньваеце пэрспэктыву такога слуханьня ў Беларусі?”

(Лябедзька: ) “Я не вялікі аптыміст што да таго, што Лукашэнка пойдзе на гэта, будзе здаваць тых, хто выконваў загады і арганізоўваў выкраданьні Ганчара, Завадзкага ці Захаранкі. У любым выпадку, ініцыятыва зараз за намі, за тымі хто хоча ведаць праўду. Як будуць рэагаваць улады – паглядзім. Але ў любым выпадку, якія б дзеяньні яны не рабілі, я думаю, гэта будзе крок наперад”.
XS
SM
MD
LG