Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ ВЯРХОЎНАГА СУДУ БЕЛАРУСІ ПРАЙШОЎ ПІКЕТ У АБАРОНУ ЖУРНАЛІСТАЎ ГАРАДЗЕНСКАЙ “ПАГОНІ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня а 16-й гадзіне да будынку Вярхоўнага суду Беларусі прыйшлі пяцёра актывістаў Маладога Фронту і сталі каля ганку з асобнікамі закрытай уладамі гарадзенскай газэты “Пагоня” і плякатам “Рукі прэч ад Пагоні!” Арганізатар акцыі Зьміцер Дашкевіч так патлумачыў мэту акцыі:

(Дашкевіч: ) “Мы зьбіраемся выказаць сваю пазыцыю ў справе адносінаў уладаў да газэты “Пагоня”. Мы не ўспрымаем ганьбу свабоды слова, дэмакратычных выданьняў. Ніводная эўрапейская краіна ня можа ўявіць сабе такіх адносінаў да свабоды слова”.

(Карэспандэнт: ) “Вас не спыняе тое, што сёньня ў Горадні працэс перанесены быццам бы з прычыны хваробы пракурора?”

(Дашкевіч: ) “Працэс могуць пераносіць пастаянна, але сваё стаўленьне мы павінны прадэманстраваць. Ну пераносяць, што ж рабіць. Баяцца — відаць, нечага шукаюць, нейкіх доказаў. Ну, а мы сваю пазыцыю выкажам. Моладзь не ўспрымае такога стаўленьня да дэмакратыі, да свабоды слова, да журналістаў”.

Удзельнікі пікету сталі ланцужком і некалькі хвілінаў сьпявалі песьню на словы Багдановічавай “Пагоні”.

Пасьля маладафронтаўцы спрабавалі перадаць у сакратарыят Вярхоўнага суду зварот-пэтыцыю пад назваю “Рукі прэч ад “Пагоні”!” з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед гарадзенскіх журналістаў і гарантаваць свабоду слова й правоў чалавека ў Беларусі. Супрацоўнікі сакратарыяту Вярхоўнага суду зварот прыняць адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што пакуль разгляд справы ня скончаны, яны ня маюць права прымаць ніякіх зваротаў.

Нашаму радыё адна з супрацоўніц сакратарыяту пацьвердзіла, што прыём усіх скаргаў і зваротаў будзе распачаты толькі пасьля заканчэньня разгляду справы гарадзенскіх журналістаў у судзе першай інстанцыі.

Маладафронтаўцы заявілі, што будуць праводзіць пікеты каля Вярхоўнага суду ўвесь час, пакуль працягваецца гарадзенскі працэс.
XS
SM
MD
LG