Яшчэ на пачатку судовага працэсу, прадстаўнік газэты “Trybuna” Лех Влашчук запрапанаваў Станіславу Буйніцкаму заключыць пагадненьне, паводле якога газэта зьмяшчае афіцыйнае абвяржэньне, а таксама выплочвае кампэнсацыю за маральныя страты. У сытуацыі Станіслава Буйніцкага гэта вельмі выгодна, аднак на пагадненьне ён не пайшоў.
(Буйніцкі: ) «Я б пайшоў на пагадненьне, але ўчора да мяне патэлефанаваў адвакат газэты “Trybuna” і, здаецца, ад імя гэтай газэты пагражаў, што калі я хачу спакойна жыць у Польшчы, то мушу пайсьці на пагадненьне.
Прадстаўнік газэты “Trybuna”, адвакат Лех Влашчук паведаміў нашаму радыё, што ніколі такога не казаў.
(Влашчук: ) «Гэта, напэўна, памылка з прычыны дрэннага веданьня мовы. Я ў шоку ад таго, што пачуў».
У Горадні Станіслаў Буйніцкі быў буйным бізнэсоўцам і шмат дапамагаў дэмакратычнаму руху, што не зусім падабалася мясцовым уладам. У будынку ягонай фірмы месьціліся офісы недзяржаўных арганізацыяў і нават друкарня грамадзкай арганізацыі “Ратуша”, дзе друкаваліся незалежныя выданьні. Ліст да польскіх уладаў у падтрымку Буйніцкага падпісалі, сярод іншых, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сямён Домаш і рэдактар гарадзенскай “Пагоні” Мікола Маркевіч.
Чатыры гады таму ў газэце «Trybuna» зьявіўся артыкул, у якім польскае консульства ў Горадні абвінавачвалася ў тым, што арэндуе памяшканьні ў чалавека, якога ў Беларусі шукаюць за даўгі, а той быццам бы хаваецца ад міліцыянтаў на тэрыторыі консульства. Гаворка йшла пра Станіслава Буйніцкага, бо менавіта ён і ягоная фірма былі ўласьнікамі будынкаў, дзе месьцілася польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва.
Паводле словаў спадара Буйніцкага, беларускія ўлады выкарысталі гэтую публікацыю ў якасьці нагоды для пачатку ягонага перасьледу. У выніку каля двух гадоў таму бізнэсовец быў вымушаны зьехаць у Польшчу, дзе хутка атрымаў грамадзянства гэтай краіны.
“Праз гэты артыкул ў газэце «Trybuna» я згубіў усё”, – сказаў у часе суду Станіслаў Буйніцкі.
Па разглядзе справы Варшаўскі акруговы суд пастанавіў, што газэта сапраўды закранула асабісты гонар Станіслава Буйніцкага, зьмясціўшы артыкул зь безпадстаўнымі абвінавачаньнямі. Газэце “Trybuna” прыйдзецца зьмясьціць абвяржэньне і выплаціць спадару Буйніцкаму каля тысячы амэрыканскіх даляраў у якасьці кампэнсацыі маральных стратаў.