Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШЛІ НА ВОЛЮ АПОШНІЯ ПАЛІТВЯЗЬНІ СУМНАВЯДОМАГА СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА НА ВУЛІЦЫ АКРЭСЬЦІНА


Любоў Лунёва, Менск

Валеры Шчукін ня можа доўга трымацца на нагах. Нагадаем, што падчас затрыманьня яго моцна зьбілі. "Хуткая дапамога" адвезла Валерыя Шчукіна з акцыі ў ваенны шпіталь. Яму зрабілі рэнтгенаўскія здымкі сьпіны й пакінулі ў шпіталі. Раніцай міліцыянты забралі Шчукіна са шпіталя і трымалі ў "аўтазаку". Толькі а 9-й гадзіне вечара судзьдзя абвясьціла прысуд – 15 сутак арышту. Гаворыць Валеры Шчукін:

(Шчукін: ) “Больш за пяць хвілін я ісці не магу, бо мяне як забралі 15 гадзін таму з рэанімацыі, ніякай мэдыцынскай дапамогі не аказвалі, і мне было ўсё цяжэй і цяжэй. Калі ў першыя дні я яшчэ мог 30-40 хвілін прахадзіць, то потым ужо, у апошнія дні – 3-5 хвілін. Я выйшаў за КПП, прастаяў пяць хвілін – і ўсё, прысеў на кукішкі.

Я падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд на пастанову Партызанскага суду і нават за сёньня мне ўнучка перадала адказ: маўляў, усё было вельмі добра, усё было праўда. Але я буду далей абскарджваць. Калі мяне судзілі, столькі было зроблена недарэчнасьцяў, што я нават ня ведаю, як гэта можна называць правасудзьдзем”.

Жонка Валерыя Шчукіна мае намер заўтра выклікаць лекара да свайго мужа.

Зьміцер Бандарэнка лічыць, што ўвосень краіну чакае сацыяльны выбух:

(Бандарэнка: ) “Вельмі прыемна было сядзець з маладымі людзьмі. Іхны дух, іхны імпэт перадаваўся нават нам. Турма ёсьць турма. Паводзіны пэрсаналу на Акрэсьніа былі даволі карэктнымі, але не хапае безумоўна паветра, не хапае неабходных рэчаў. Але магу сказаць, што абыходжаньне было нармалёвым.

Я нават не чакаў, што людзі, якіх моцна зьбівалі, у якіх целы былі пакрытыя плямамі ад удараў дручкамі, што яны будуць захоўваць такі баявы дух.

Мы сядзелі ня толькі з палітычнымі, там былі і бізнэсоўцы, былі і крымінальнікі, былі людзі, якія па 10-15 гадоў адседзелі, але яны зь вялікай павагай ставіліся да палітычных.

Я магу прадказваць з упэўненасьцю, што тыя сотні, некалькі тысяч людзей, якія былі разам 19-га красавіка – гэта будзе той цэнтар, вакол якога будзе расьці супраціў”.

Аднаго з арганізатараў акцыі Мікалая Халезіна датэрмінова выпусьцілі са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка з-за прыступу стэнакардыі. Міліцыянты лічаць, што Халезін павінен прыйсьці і дасядзець некалькі сутак пасьля таго, як паправіць сваё здароўе.

XS
SM
MD
LG