Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСІХ АРГАНІЗАТАРАЎ АПАЗЫЦЫЙНАЙ ДЭМАНСТРАЦЫІ 19 КРАСАВІКА СУД ПРЫСУДЗІЎ ДА АРЫШТУ


Любоў Лунёва, Менск

Усьлед за ўчорашнім арыштам на 10 сутак Юрыя Хашчавацкага і 15 сутак Валерыя Шчукіна сёньня Савецкі раённы суд Менску вынес вырак яшчэ двум арганізатарам шэсьця Зьмітру Бандарэнку і Мікалаю Халезіну — арышт на 15 сутак. У судзе высьветлілася, што Мікалая Халезіна разам зь іншымі затрыманымі ўдзельнікамі шэсьця, справы якіх не пасьпелі разгледзець у судзе ўчора, гарадзкі канвой у "аўтазаку" спачатку прывёз у дзяжурную частку Савецкага РУУСа. Адтуль міліцыянты намагаліся перадаць затрыманых у спэцпрыёмнік. Але без дакумэнтаў, якія засталіся ў судзе, іх там прыняць адмаўляліся.

Позна ўначы міліцыянты патэлефанавалі жонцы Юрыя Хашчавацкага, каб тая прывезла ў міліцыю ягоны пашпарт. Тамара Хашчавацкая паведаміла Радыё Свабода, што перадала ўсім затрыманым два пакеты зь ежай і з вадой, але калі ўбачылася з мужам, то даведалася, што нічога міліцыянты ім так і не перадалі. Да шостай гадзіны раніцы людзей вазілі па горадзе ў аўтазаку.

Ніколі раней улады не ўжывалі такой тактыкі. Сёньня, калі судзьдзі абвяшчалі перапынак, канваіры адразу хапалі затрыманых і адводзілі ў спэцыяльны пакой, дзе трымаюць крымінальнікаў, каб ня даць ім магчымасьці пагаварыць зь сябрамі. Упершыню судзьдзі адмаўлялі затрыманым у абароне. Прафэсар Георг Лепін настойваў, каб ягоную справу разглядалі з удзелам адваката. Судзьдзя Руслан Казадаеў адмовіў у гэтым і вынес прысуд — 500 тысяч рублёў штрафу. Прафэсар Лепін так пракамэнтаваў гэты прысуд Радыё Свабода:

(Лепін: ) "Канешне, гэта практычна немагчыма. Гэтая пастанова — добрая расплата за тыя шэсьць год, што я адпрацаваў у Чарнобылі. Я іх таксама абараняў у Чарнобылі, а яны цяпер са мной разьлічыліся за гэта. Несправядліва. Усе паказаньні лжывыя. Гэта ня суд. Я абмяркую з адвакатам, ці падаваць скаргу, лічу, што трэба гэта зрабіць. Але ў мяне такое ўражаньне, што судзьдзя выконваў нейкі загад зьверху. Я бачыў ужо такое. Калі судзілі Старавойтава, я бачыў, як гэта рэалізоўвалася".

Івана Дзегцярова з Гомля судзьдзя Руслан Казадаеў арыштаваў на 10 сутак. Іван ня згодны з такім прысудам:

(Дзегцяроў: ) "Я ў прынцыпе ня згодны з такім прысудам. 10 сутак. Маглі б і штраф даць, бо я першы раз трапіў. Улады паказалі сваю слабасьць. Яны намагаюцца запалохаць людзей, дзейнічаюць сілавымі мэтадамі. Замест таго, каб лавіць злачынцаў, яны хапаюць дзяцей ды безабаронных людзей. Улады баяцца менавіта гэтых людзей, бо яны будзяць народ. У нас танная гарэлка. Улады хочуць, каб людзі пілі. Чарка ды шкварка... Каб сядзелі дома й нікуды не хадзілі".

Яраслаў Сьцешык таксама арыштаваны на 15 сутак. Калі яго выводзілі, ён толькі пасьпеў крыкнуць некалькі словаў:

Алену Рашэтнікаву, якая мае трохгадовага сына, згодна з заканадаўствам нельга арыштаваць на некалькі сутак. Яе пакаралі штрафам у адзін мільён рублёў (гэта каля шасьцісот амэрыканскіх даляраў).

Цэнтральны раённы суд Менску разглядаў справу Васіля Жакава і пастанавіў арыштаваць яго на 5 сутак.

Такім чынам, бальшыня затрыманых удзельнікаў акцыі арыштаваныя. Усяго былі затрыманыя 82 чалавекі. Трэць зь іх — непаўнагадовыя, справы якіх будуць разглядаць камісіі ў райвыканкамах.

Заўтра павінны разгледзець справы апошніх пяці чалавек, сярод якіх — прафэсар Мікола Савіцкі. Яго пасьля затрыманьня зь міліцыі "хуткая дапамога" прывезла ў шпіталь з высокім ціскам і з прыступам стэнакардыі.
XS
SM
MD
LG