Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ РАБОЧЫЯ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПРЫМУСОВЫХ СУБОТНІКАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Ініцыятарамі гэтага звароту сталі працаўнікі будаўнічага трэсту №12. Каля 200 чалавек, і ня толькі будаўнікі, падпісаліся пад гэтым зваротам, каб выказаць свой пратэст супраць прымусовага суботніка. Гэтыя людзі не атрымалі заробак яшчэ за люты, і таму ня могуць зразумець, навошта ім добраахвотна даваць грошы ў невядома які фонд.

Кажучы пра гэта ў сваім звароце, яны патрабуюць, каб віцэ-прэм’ера Ўладзімера Дражына і шэраг менскіх высокапастаўленых чыноўнікаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за арганізацыю рабочай групы па падрыхтоўцы суботніка. Падпісанты сьцьвярджаюць, што арганізатары суботніка парушылі іхныя правы, калі прымусова накіравалі іх на працу ў выходны дзень.

Сродкі, заробленыя падчас суботніка, мінулым разам плянавалі накіраваць у фонд разьвіцьця сельскай гаспадаркі, а ў красавіку — на патрэбы аховы здароўя. Як стала вядома, пятая частка сродкаў пойдзе на будаўніцтва касьцюковіцкага шпіталя, і тое таму, што 26 красавіка гэты раён наведае Аляксандар Лукашэнка.

Магілёўцы, што падпісаліся пад лістом, заяўляюць, што “прымус да добраахвотнай працы зьяўляецца для іх абразьлівым, асабліва на фоне росту цэнаў на Магілёўшчыне”.

Зыходзячы з гэтага і іншых меркаваньняў, яны патрабуюць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці ня толькі Ўладзімера Дражына, але і іншых арганізатараў суботніка.
XS
SM
MD
LG