У судзе прысутнічалі назіральнікі, прадстаўнікі АБСЭ і амэрыканскай амбасады. Васіль Парфянкоў і Алесь Поклад абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве. Звычайна ў судовай практыцы такія справы разглядаюць некалькі хвілінаў. Але судзьдзя Руслан Казадаеў праводзіў сёньня паседжаньне на працягу паўдня, і так і не прыняў ніякага рашэньня.
Намесьнік начальніка Савецкага райаддзелу міліцыі Яўген Гурынкоў, які затрымліваў валанцёраў, на пытаньне судзьдзі — чаму міліцыянты заўчора прыехалі ў Курапаты? — адказаў, што яны папросту вырашылі памераць рулеткай зямлю, каб пераканацца, ці ўваходзіць яна ў тэрыторыю Савецкага раёну. Такое тлумачэньне выклікала рогат сярод прысутных. Нагадаем, што ў той дзень была моцная залева, а разам з Гурынковым у Курапаты езьдзіў начальнік міліцыі палкоўнік Мікалай Бусло, які знаходзіцца ў адпачынку. Алесь Поклад лічыць, што міліцыянты атрымалі загад зьверху затрымаць валанцёраў.
(Поклад: ) “Яны паводзілі сябе неадэкватна, таму што хлопцы і дзяўчына адпачывалі і нічога дрэннага не рабілі. Тое, што ёй інкрымінуюць кіданьне камянямі, хлусьня. Калі яны падыйшлі, то былі такія разьюшаныя! Магчыма, з-за таго, што іх галоўнага выклікалі з адпачынку, ён так жорстка сябе паводзіў. Такое ўражаньне, што яны прыехалі па загаду. Мы ж ураньні езьдзілі падаваць заяву ў камітэт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Напэўна, ім сказалі: "Гэтыя курапацкія "адмарозкі" сталі зусім нахабныя. Ужо заявы сталі падаваць". Мне здаецца, калі б яны хацелі зьнішчыць Курапаты, то хапіла б і ўзводу АМОНу".
Хлопцы ў судзе не прызналі сябе парушальнікамі грамадзкага парадку. Абвінавачаньні ў тым, што юнакі нібыта нецэнзурна лаяліся і пагражалі фізычнай расправай, пакуль не знайшлі пацьверджаньня. Наадварот, хлопцы папрасілі накіраваньня ў судмэдэкспэртызу, каб зафіксаваць пабоі й узяць даведку, ці здольныя яны былі аказваць фізычны супраціў. Акрамя гэтага, яны папрасілі дапытаць будаўнікоў, каб тыя распавялі, як усё было насамрэч.
(Парфянкоў: ) "Адзін міліцыянты кажа адно, а другі — супрацьлеглае. Нахабна хлусяць у твар судзьдзю й астатнім. Мы яшчэ будзем выклікаць у якасьці сьведкаў кіроўцу міліцэйскай машыны, які нас адвозіў у гарадзкі аддзел міліцыі Яшчэ трэба дапытаць Шкурынскага і Машу. Міліцыянты хлусяць. Але я думаю, што ўсё будзе нармалёва".
Паколькі міліцыянты зьехалі на нараду, прысьвечаную маючай адбыцца заўтра апазыцыйнай акцыі, у справе Алеся Поклада не хапае іх паказаньняў. Таму Руслан Казадаеў перанёс далейшы разгляд справаў на панядзелак.