Арганізатары апазыцыйнага Маршу 19 красавіка Мікалай Халезін, Зьміцер Бандарэнка й Валер Шчукін сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавялі пра некаторыя падрабязнасьці будучай акцыі, што пачнецца 19 красавіка а 18 гадзіне на пляцы Я.Коласа.
Так, Валер Шчукін паведаміў, што днямі арганізатары атрымалі афіцыйны адказ гарвыканкаму, паводле якога ім забаранілі шэсьце па праспэкце Скарыны й дазволілі толькі мітынг на плошчы Бангалор. Арганізатары з гэтай нагоды падалі на гарадзкія ўлады ў суд. Яны не спадзяюцца на станоўчае рашэньне, але кажуць, што мусяць прайсьці ў гэтай справе ўсе прыступкі судовай лесьвіцы.
А вось як патлумачылі арганізатры, дзеля чаго патрэбны гэты Марш:
(Бандарэнка: ) "Нашая акцыя прысьвечаная адной праблеме — краінай Беларусь сёньня кіруе чалавек, які часта дае хлусьлівыя абяцаньні. Гэты чалавек ёсьць кіраўніком дзяржавы, і ніхто не цягнуў яго за язык і не прымушаў казаць пра кампэнсацыю ашчаджэньняў, страчаных насельніцтвам да 1994 году.
Цытата пра рэзкі ўздым узроўню жыцьця беларускага народу да роўню жыцьця эўрапейскіх краінаў узятая зь ягонай праграмы, якая была надрукаваная. Ну й усе мы ведаем, як ён абяцаў разабрацца ў справе зьніклых і пакараць людзей, вінаватых у зьнікненьні вядомых асобаў".
Арганізатары Маршу распаўсюдзілі патрабаваньні ўдзельнікаў акцыі да ўладаў. Гэта кампэнсацыя страчаных людзьмі ашчаджэньняў у савецкіх банках, павелічэньне пэнсіяў, заробкаў і стыпэндыяў, а таксама агульнага дабрабыту. Арганізатары Маршу таксама патрабуюць спыніць уціск свабоды слова ды крымінальны перасьлед журналістаў газэты "Пагоня" Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі, рассакрэціць пазабюджэтны фонд спадара Лукашэнкі, спыніць кантакты афіцыйнага Менску з адыёзнымі рэжымамі й адмяніць прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў.
(Халезін: ) "Акцыя "Так жыць нельга!" у падтрымку "Чарнобыльскага шляху". Калі ўзяць 1996 год, дык перад тым "Чарнобыльскім шляхам" было шмат акцыяў, і гэта было добра. Чым больш акцыяў, тым большая зацікаўленасьць народу, тым больш людзі хочуць выходзіць на вуліцу".
А на думку Валера Шчукіна, акцыя 19 красавіка стане своеасаблівай "выведкай боем" перад Чарнобыльскім шляхам. Паводле арганізатараў, у Маршы "Так жыць нельга!" будуць браць удзел прадстаўнікі розных апазыцыйных партыяў і арганізацыяў, а таксама палестынскія студэнты, якія вучацца ў Менску. Арганізатары гавораць, што ўлады ня будуць перашкаджаць правядзеньню акцыі і саркастычна заўважаюць, што сам Лукашэнка, днямі выступаючы ў праграме расейскага тэлеканалу НТВ, заяўляў, што ў Беларусі няма ўціску свабоды слова й кожны грамадзянін можа публічна выказаць сваю думку.