Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКАГА АПАЗЫЦЫЯНЭРА ЎЛАДЗІМЕРА ПЛЕШЧАНКУ ЗНОЎ СУДЗЯЦЬ ЗА НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫ ПІКЕТ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Звычайна віцебскія міліцыянты ставяцца да ягонай прысутнасьці ля “Сіняга дому” абыякава (некаторыя зь іх зрабіліся сталымі чытачамі артыкулаў Зянона Пазьняка, якія распаўсюджвае спадар Плешчанка). Але выпадак, які разглядаў сёньня суд, стаў выключэньнем.

Як распавёў падчас судовага паседжаньня спадар Плешчанка, на Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка ён ледзь пасьпеў дайсьці да свайго звычайнага месца: ужо на падыходзе да “Сіняга дому” яго чакалі два міліцыянты, якія неўзабаве павезьлі яго ў пастарунак. Там, у Чыгуначным райаддзеле міліцыі, ён сустрэўся з затрыманым вядомым віцебскім апазыцыянэрам Барысам Хамайдам, які й распавёў Плешчанку пра магчымыя падставы такой пільнай увагі. Аказваецца, у той дзень на “Сінім доме” нехта павесіў бел-чырвона-белы сьцяг.

Аднак сьцяг у сёньняшняй судовай справе спадара Плешчанкі ня згадваўся.

Судзьдзя Сьвятлана Туфан таксама не пацьвердзіла сувязі паміж зьяўленьнем сьцяга і фактам несанкцыянаванага пікетаваньня Ўладзімера Плешчанкі. Дарэчы, сам ён з гэткім абвінавачаньнем катэгарычна ня згодны: у той дзень ён не пасьпеў прастаяць ля “Сіняга дому” ніводнае хвіліны!.. Таму судзьдзя вырашыла выклікаць дадатковых сьведкаў, а судовае паседжаньне перанесла на 22 красавіка.
XS
SM
MD
LG