Да брамы вядомага многім менскім апазыцыянэрам прыёмніка на вуліцы Акрэсьціна сёньня прыйшлі каля 20 чалавек. Актывісты Маладога Фронту, Хартыі’97 і БНФ, а таксама маці, жонка й сын сустракалі Вячаслава Сіўчыка, які паводле рашэньня судзьдзі Натальлі Вайцяховіч 15 дзён правёў за кратамі. Жанчыны сустрэлі спадара Сіўчыка песьняй.
Аднадумцы сустракалі Вячаслава Сіўчыка з шампанскім і цукеркамі. Спадар Сіўчык не шкадуе, што страціў 15 дзён у турме:
(Сіўчык: ) "Тут няма чаго шкадаваць. Прабачце, не мая віна ў тым, што сёньня Беларусь пад акупацыяй, не мая віна, што сёньня прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі тут. Я абсалютна не шкадую, бо 25 сакавіка для мяне сьвятая дата, і я ведаю, якія людзі пры ўладзе ў нашай краіне".
У турме Сіўчык чытаў газэты і вёў гутаркі на грамадзка-палітычныя тэмы са сваімі сукамернікамі. Ён сьцьвярджае, што гэтыя размовы мелі плён. Паводле Вячаслава Сіўчыка, міліцэйскае начальства напярэдадні Вялікадня не пусьціла да яго ў камэру сьвятара, хаця ён як хрысьціянін хацеў паспавядацца.
У часе свайго зьняволеньня спадар Сіўчык зрабіў і пэўныя высновы што да таго, як мусіць праходзіць сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ў Беларусі:
(Сіўчык: ) "Мне вельмі хацелася б, каб на наступнае сьвяткаваньне Дня Волі быў агульны нацыянальны аргкамітэт, у які б уваходзілі прадстаўнікі ўсіх партыяў і рухаў, якія лічаць гэтае сьвята сваім. Бо гэтае сьвята павінна аб'ядноўваць увесь народ. Вельмі шкада, што быў нейкі загад зьверху й мяне не дапусьцілі да ўсіх нашых калегаў, якія сядзелі за Дзень Волі. Калі б мы сядзелі з хлопцамі, мы б напісалі адкрыты ліст у раду Беларускай Народнай Рэспублікі, каб і сама спадарыня Івонка Сурвілла, і гэтая ўстанова прыклалі ўсе намаганьні, каб у Беларусі былі створаныя кааліцыйныя структуры й Дзень Волі праходзіў узгоднена. Партыі могуць праводзіць свае мерапрыемствы, але ж прыйшоў час дамаўляцца й рабіць усё разам".
Жонка Вячаслава Сіўчыка Ганна ўдзячная ўсім, хто прыйшоў сустрэць яе мужа:
(Ганна Сіўчык: ) "Прыемна, што прыйшлі людзі сустрэць Вячаслава. Заўсёды прыемна адчуваць падтрымку ня толькі блізкіх сяброў, але ж і проста знаёмых, і нават тых, чые прозьвішчы мне невядомыя. Натуральна, што мы вельмі чакалі бацьку, радыя, што ён на волі й з намі".
А Вячаслаў дадаў, што арышт яго не напалохаў і ён абавязкова возьме ўдзел у акцыі апазыцыі 19 красавіка й у Чарнобыльскім шляху 26 красавіка.